Читать «Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)» онлайн - страница 55

К Тарасов

17

На купалле Мiндоўг павёз сям'ю на летняе селiшча да Нёмана. Упершыню з леташняй восенi Агна пакiдала горад. Пасля замкавай цеснаты гэтае падарожжа верхам праз пушчу наноў адкрывала ёй свет. За дзевяць месяцаў наваградскага сядзення Агна забылася як шумiць лес, шамацiць пад конскiмi капытамi дарожны пясок, як дурманяць пахi квяцiстага лугу, якiя таямнiчыя лясная глуш i лясныя ручаi, i адчувала сябе шчаслiваю.

Апоўднi выйшлi на лясную пустку i далi коням адпачыць. На пустцы рэдка стаялi дуплiстыя дубы. Адзiн быў пазначаны маланкай - у выпаленым дупле пры карнявiшчы мог схавацца вершнiк. Рэпiк i Рукля даследавалi гэтую таямнiчую пячору. Агна сядзела ля падножжа, заварожана назiрала, як лунае над лесам сокал. Да яе падыйшлi i прыселi побач Мiндоўг i Астап. Запэцканыя сажай, падобныя на чарцей, браты ўскараскалiся на дуб i гойдалiся, трымаючыся за гнуткiя галiнкi.

- У дзяцiнстве, - сказаў гучна Мiндоўг, - калi я быў такi, як яны, таксама любiў лазiць на дубы. Ухаплюся за галiнку, i калышуся ўверх-унiз. Аднойчы гайдаўся, гайдаўся ды раптам чую - ж-ж-ж - нiбыта страла ляцiць. А ляцiць проста мне ў лоб вялiзная аса. З таго часу такiх вялiзных i не бачыў нiколi. Гэтак гакнула ў пераноссе, быццам камень хто пусцiў з рушнiцы. Пляснуўся на зямлю, i зад, i спiну адбiў. Ды яшчэ i аса ўджалiць паспела, на лобе гузак вырас з добры яблык, агнём гарыць. I хоць бы хто пашкадаваў. Як хто ўбачыць маю морду з барвовым рогам на лобе, з акаселымi шчылiнамi замест вачэй - ад смеху курчацца. А бацька кажа: "Дурны ж ты, сынок, калi маленькая аса цябе гэтак скалечыла!"

Рэпiк i Рукля пасля пачутага палiчылi за лепшае не рызыкаваць сустрэчай з асой, саскочылi i ўселiся пры дарослых, спадзеючыся на працяг падобных успамiнаў.