Читать «Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)» онлайн - страница 53

К Тарасов

Адасабляючыся ад страчанага жыцця, Даўмонт загадаў сабраць усе жонкавы рэчы ў куфар i трымаць яго ў сенцах, як трымаюць чужое, не вартае аховы, што не шкада страцiць. I калi прыехаў Мiндоўгавы радца, не прыйшлося збiраць вопратку i абутак Агны ў яго на вачах, ганьбавацца нiбы злодзею, у якога гаспадар адымае накрадзенае, усё было панапiханае ў куфар, адразу яго i вынеслi на вазок. Звар`яцеў князь Мiндоўг, калi думаў такой драбязой даць джала. Што з той жаночай вопраткi Даўмонту - не яму ж яе насiць. Другая жонка свой пасаг прынясе. Ды няхай думае, што ўджалiў. Эх, княжа Мiндоўг, заграбастыя ў цябе рукi, думаў Даўмонт. Ну i балюча ж табе стане, калi мечам буду iх укарочваць...

Вось да гэтага дня, да хвiлiны помсты, усё было ясна - што цярпець, як трымацца, а далей стаяла цемра. Гэтае пачуццё абмежаванасцi раздражняла Даўмонта. Нiбыта на смерцi Мiндоўга закончвалася i ягонае жыццё. Будучыня быццам знiкла. Раней, калi не задумваўся пра будучыя гады, яны праглядалiся ў магчымую далячыню: вось народзiцца ў яго сын, потым ён сына ажэнiць, можа нават, калi не заб`юць у якiм паходзе, пабачыць унукаў, а ўжо тады стары i нямоглы пойдзе, як пайшлi ў свой час ягоныя бацька, i дзед, i прадзед, на нябёсы да дзядоў. А цяпер усе звычныя ўяўленнi раздзьмутыя ветрам: нi жонкi, нi сына ад яе, i ён не ўдавец, а стаiць абабраны з нязмытай аплявухай на шчацэ. I мусiць са старым ваўком хiтраваць. А ўсёй хiтрасцi хапае на маўклiвае чаканне зручнага выпадка. На такую вялiкую хiтрасць, прызнаваўся сабе Даўмонт, здольны любы дурань...

Аднаго дня князь адчуў, што яго клiчуць багi, i пайшоў на Перунову гару. Ярка ззяла снежнае покрыва на палях i пагорках, позiрк заманьвала далячынь, дзе сутыкалася з зямлёй блакiтнае неба. Зачараваны iскрыстай прасторай, ён раптам зразумеў тое, што не давалася зразумець: у яго наперадзе процьма часу, усё жыццё, а ў Мiндоўга - наперадзе неўзабаве гвалтоўная смерць. I Мiндоўгавых кметаў неўзабаве чакае гвалтоўная смерць. I калi забiты наваградскi князь адыйдзе да дзядоў, ён зверху будзе заўсёды зайздросцiць яму, Даўмонту, будзе дакараць сябе за ўчынены гвалт, бо Даўмонт узяў з яго за шкоду жыццё. А ягоныя кметы зверху будуць зайзросцiць Вiценю, бо ён жывы i адпомшчаны, а яны з абедзьвума сваiмi вачнiцамi аддалi за чужое вока свае жыццi. Яго князкi век там, за даляглядам, а цяпер трэба дажыць аджытае, трэба дарабiць для супакаення крывавую працу, i ён яе даробiць... I на зайздрасць тым кметам высока паставiць Вiценя. Тых сваiх парабкаў Мiндоўг не ўзвышыць. Скурка старэе, праз якi год Вiцень стане ваяводам, а зараз ён дасць Вiценю сотню. Гэта будзе лепшая ў Нальшчы сотня кметаў. Прыдзе час, i яна возьме з наваградцаў належную данiну крывёй. Там, далёка за даляглядам хаваецца ў пушчах Наваградак. Настане дзень, прыйдзе ў мiндоўгава гнездзiшча багiня смерцi Мерцва i пазначыць каму трэба загiнуць ад нальшанскiх стрэлаў, каму ад нальшанскага меча або пад нальшанскай сякерай. Крэўскаму князю не варта сумаваць. Гэта тым трэба сумаваць, бо ён - мсцiўца, яны - ахвяры. Нальшча цярплiвая, дачакаецца свята. Нальшчы багi дапамогуць, а Мiндоўгу нiхто не дапаможа. Сыйдзе снег, паклiчуць войска ў паход, там наканаванае кожнаму i здзейснiцца...