Читать «Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)» онлайн - страница 52

К Тарасов

- Нашыя багi даўно жадаюць, - сказаў Трайнат пераканана. - Людзi дрэнна iх чуюць.

- Гэтак часцяком бывае! - пагадзiўся разанец, дзiвячыся запалу Трайната адправiць роднага дзядзьку на той свет. Дачакацца не можа, пакуль той памрэ. Але калi ён будзе чакаць, тады i мне чакаць, падумаў Астап, а век наш нядоўгi, на ўсе чаканнi дзён не хопiць...

Ён крануў каня, i кметы аховы зарысiлi за iм па вузкай прынёманскай дарозе ў Наваградак да Мiндоўга.

16

З той жонкавай аховы, якую прывезлi з Наваградка параненай, памерлi да Калядаў яшчэ тры кметы. Немалыя ахвяры каштавала Даўмонту шалёнае вяселле наваградскага валадара, i з кожным наступным пахаваннем князь адчуваў, як разлютоўваецца, як выцiскаюцца з сэрца чуласць, спачуваннi, лiтасць да сябе i лiтасць да ўсiх. Адзiны чалавек, якога ён цяпер шкадаваў, быў Вiцень. Не гэтак за страчанае вока, бо ў параўнаннi з забiтымi яму нiбы i пашчасцiла, а за ўпартасць, з якой верны кмет iмкнуўся вярнуць ранейшую зоркасць, каб трапна бiць нажом i страляць. Гадзiнамi ён дасылаў стралу за стралой у пазначаную дошку пры плоце цi шпурляў сякерку ў слуп, шалеючы, што аднятае вока скажае дакладнасць яго прыцэлу.

Цяжка яму было прыняць, разумеў Даўмонт, што акрывеў i выглядае перад усiмi за калеку. Можа, думаў Даўмонт, страта вока здавалася маладому хлапцу асаблiва крыўднай, бо быў прынiжаны гуртом наваградскiх чаляднiкаў на вачах натоўпу. I яго, бачыў Даўмонт, спапяляла жаданне выкалупаць нажом вочы тым мiндоўгавым кметам. Даўмонт яго асцярожваў: глядзi, злосць - што псiна, трэба яе на ланцугу трымаць. Цябе i пакусае, калi спушчаная. Шалёны сабака доўга не жыве. Так i шалёны кмет хутка гiне. Сам насунешся на якую дзiду. Вiцень нiбыта прыслухоўваўся, але Даўмонт адчуваў, што кмет не прымае яго парады: мара пра лютую помсту хоць неяк пагаджала яго з калецтвам. Бо кмет, а не князь, думаў Даўмонт. Нiчога не меў апроч цэлага вока, палову маёмасцi адняла ў яго наваградская замкавая ахова - як не шалець! Але ж нi за што не мае адказваць, робiць тое, што яму князь загадае. Гэта князю абставiны загадваюць, багi радзяць. Трэба быць цярплiвым i чуйным, каб iх пачуць. Кмет на князевы розум спадзяецца, а князю - толькi на самога сябе спадзявацца.

Нiкому бiты князь не даверыцца, думаў Даўмонт. Вунь, колькi ў яго стрыяў i цётак. I хоць бы хто ўпiкнуў Мiндоўга за злачынства. Усе цiха па дварах хаваюцца, з чужой бяды кпяць, смешна iм, як Даўмонт згубiў жонку, а самi дужа баяцца мiндоўгавай увагi. Жывуць, як той заяц: маўчыш - жывы, варухнешся, гукнеш другога зайца - лiс схопiць. Без сiлы нiхто не князь, а гэтак - парабак пры дужэйшым. Пакуль большая сiла ў Мiндоўга, прыдзецца ў заячай скуры жыць. Можа, стары i не надта верыць, што навокал яго адныя баязлiвыя зайцы, хутчэй, зусiм у гэта не верыць, ды яму трэба, каб па-заячаму трымалiся. Забраў жонку, разбурыў гнездзiшча, зганьбаваў дом, а ты ў iм мусiш жыць, i мусiш ад пляўкоў ацiрацца. Трываеш ганьбу - значыць, згодны трываць, у ценi мiнулага роспачна ўглядацца. Ён там з жывой Агнай, ты тут з яе ценем. Пражыты дзень не вернеш. Страчана старое жыццё, як левае вока ў Вiценя. Колькi не смуткуй - пустая вачнiца. Але ж у гэтых сценах бацька жыў. I ягоны цень тут ходзiць. I дзед тут жыў. Таксама на яго памяць ганьба наклалася. Кожную ноч пытаюць, калi нашу годнасць абаронiш. Кожную ноч патрабуюць: не смуткуй - злiся...