Читать «Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)» онлайн - страница 51

К Тарасов

Ноччу, лежачы ў каморы, Астап абдумваў Трайнатаву прапанову. Правiльным у ягонай прамове было тое, што князь Мiндоўг стары i шмат хто чакае ягонага скону. А як надыдзе гэты дзень, не тое што тут на Жамойцi, але i ў наваградскiх баярскiх хатах пачнуць меркаваць пра карысную iм замену. Запросяць Войшалка - iгумен гэты яго, Астапа, i за слугу не будзе трымаць, назаўтра выкiне прэч з замкавага двара: не падабаюцца яны адзiн аднаму. Падобна, думаў Астап, дамовiўся ўжо жамойцкi князь з Даўмонтам. Той малады, нiчым не ўславiўся, апрача забранае жонкi, яму ў Наваградку не ўладарыць. Калi на нешта наважылiся, дык ад яго, Астапа, няшмат папросяць - падвесцi Мiндоўга да засады. I пральецца кроў. Гэта адразу было зразумела, яшчэ на тым недарэчным вяселлi, што згуляў князь на памiнках. Хiба ён, Астап, не iмкнуўся гэтага пазбегнуць? Наўмысна ездзiў да Войшалка ў манастыр, прасiў - пераканай бацьку, бяду на сябе клiкае. Не, "як будзе, так будзе"! Кепска будзе. Калi Трайнат гатовы да нападу, дык i Даўмонт з iм разам: забiць вялiкага князя беспакарана можа толькi Даўмонт, у яго права на помсту. А полацкi Таўцiвiл, гальшанскi Гердзень i ўся Дзяволтва далучацца. Процi ўсiх не пойдзеш затопчуць. Ды i нашто яму, Астапу, iсцi процi ўсiх князёў? Гэта iх лiтоўскiя звадкi, а ягоны клопат малы - падказаць зручны час. I ўсё - тады ён наваградскi ваявода, правая рука вялiкага князя. А нораў у Трайната круты калi ён сядзе ў Наваградку, дык будзе гаспадарыць, пакуль не састарэе, як Мiндоўг. Але i Жамойць будзе яму паслухмяная, значыць, ён мацнейшы за Мiндоўга стане. Вялiкага князя ён чужымi рукамi скiне, але i самому давядзецца пайсцi на смяротны грэх - забiць свайго дваюраднага брата Таўцiвiла. Той усё ж па дзядзьку наступае Мiндоўга. Заб'е - i тады адкрыты для яго, Астапа, шлях у полацкiя намеснiкi, а дакладна - у служылыя князi. Ён - Рурыкавiч. У Полацку адвечна Рурыкавiчы валадарылi. Не патрэбны будзе палачанам чарговы перахрыст з лiтвы. А як далей - з Трайнатам разам, цi супроць яго - Бог вырашыць. Так што ёсцьцека падстава дапамагчы жамойцкаму князю.

Ранiцай ён спытаў Трайната, проста выказваючы сваю згоду:

- Што ад мяне залежыць?

- Адно: каб Даўмонт ведаў, дзе знайсцi Мiндоўга без вялiкай аховы.

- Значыць, у паходзе.

- Да паходу, - удакладнiў Трайнат.

Астап здагадлiва кiўнуў, але ўсё ж вырашыў пацiкавiцца:

- Даўмонт ведае?

- Даведаецца, - супакоiў Трайнат. - А ты, Астап Канстанцiнавiч, вазьмi ад мяне на памяць, - i ён працягнуў Астапу нож нямецкай коўкi з залатымi скрэпамi на касцяной тронцы.

Астап узяў падарунак, агледзеў i адказаў, што належала:

- Прыгожы нож, князь Трайнат. Буду помнiць.

Ён засунуў нож за пояс, ведаючы, што цяпер звязаны з Трайнатам назаўжды. А не возьмеш, думаў ён, нагоняць у дарозе жамойты i гэты ж нож усадзяць мiж крылаў. Лепш за пасам насiць.

Калi Астап сядаў у сядло, Трайнат наказаў на дарогу:

- Ты разумны чалавек, Астап. Не пашкадуеш!

- Калi Бог захоча! - Астап перахрысцiўся.