Читать «Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)» онлайн - страница 50

К Тарасов

- Не маю, - пацвердзiў Астап. - Тутэйшыя маюць. Я ж нетутэйшы.

Трайнат спачувальна пахiваў галавой, нiбыта дакараў Мiндоўга за памылку, i адпусцiў ганца адпачыць.

Увечары князь паклiкаў Астапа павячэраць. У пакоi сядзелi сам-насам, i ў застольнай бяседзе Трайнат без бачнай падставы пачаў распавядаць пра цяжкiя прадчуваннi на будучыню, кiваў на жаданне прыяцельства з Астапам, якi бядуе без свайго разанскага княства, а княства, забранае татарамi, - без яго, а ён змушаны жыць на чужыне неадпаведна дзедаўскаму праву. З гэтых словаў, зразумеў Астап, вынiкала магчымая змена ягонага лёсу. Цяжкiя прадчуваннi тычылiся Мiндоўга, якi, са словаў Трайната, хоць i дажыў да глыбокай старасцi, усё ж не пазбягае буйных памылак. Узяць хоць бы, казаў Трайнат, ягоны ўчынак з Даўмонтам. Адных крыўдзiць, iншых не шануе. Вось калi б, прыкладам, Астап служыў у Трайната, ужо даўно хадзiў бы першым ваяводам, атрымаў бы ўдзел, не падсаджваў бы старога князя на каня i не ганяў бы конна на лясных небяспечных дарогах, як просты кмет. Але наўрад цi Астап захоча здымацца ды ехаць на Жамойць?

- Не думаў пра гэта, - асцярожна адказаў Астап. - Не меў нагоды.

- Падумай, - прапанаваў Трайнат. - Кожнаму наперад трэба думаць. Вядома, Мiндоўг - моцны князь, але - век вельмi паважаны. Нават у сялянскай хаце, калi гаспадар знясiльваецца, не можа хадзiць за ралам, ссекчы дрэва, ён пераходзiць за печ, саступаючы кут маладому, дужаму, хто здольны кармiць двор. Вось i для князя Мiндоўга надыходзiць такi час, ён сам яго прыспешвае, злуючы багоў. Адзiн ягоны сын лахманы чорныя апрануў, два iншыя - дзецi. Значыць, нехта з боку прыйдзе на княжы сталец у Наваградак, калi Мiндоўг аднаго дня змушаны будзе прызнацца: "Змарыўся валадарыць, хачу адпачыць!" Калi вялiкi князь адыдзе ад справаў, шмат якiя дробныя князi запаляцца жаданнем заняць ягонае месца, пачнуцца звадкi, а хiба гэта добра пры мностве ворагаў на ўсiх межах? Наперад няшмат людзей заглядаюць. Лепш сярод нешматлiкiх быць, чым сярод натоўпу неабачлiвых, якiя заднiм розумам жывуць. Калi ўсё споўнiлася, яны бачаць, што iнакш трэба было думаць, i тады разводзяць рукамi, б'юць сябе кулаком па лобе, дзiвяцца на сваю някемнасць: "Эх, як раней не дадумаўся! Век жывi - век вучыся!". А вучыцца позна, калi прапусцiў мiма сябе дзень удачы. Гэта, прыкладам, як у сечы: прапусцiў удар меча па галаве, дык ужо не навучышся шчытом засланяцца. Позна пра гэта думаць, лежачы на зямлi. Таму, калi адчуеш, ахвоту, падумай...

Астап слухаў паважлiва, нiбы адкрывалася яму ў словах жамойцкага князя надзвычайная, нязнаная раней мудрасць жыцця, але нiчога не ўдакладняў i нi пра што не пытаўся. Як заўгодна можна тлумачыць такiя княжыя выказваннi. Пакуль што лепш сядзець прасцяком. Хуткая вошка сама пад грабеньчык бяжыць. Ноч наперадзе, хопiць часу паразважаць. I князь Трайнат адчуў, што яго суразмоўца адзначыў у памяцi сутнасць прапановы i будзе ўзважваць яе карысць i рызыку. Таму ён без перапынку перайшоў на падлiк пешых аддзелаў, якiя пакiне ў Жамойцi на шляхах крыжацкiх наездаў, i коннага палка, якi прывядзе пад Слуцак у жнiўнi...