Читать «Санэты (на белорусском языке)» онлайн - страница 22

Уильям Шекспир

139

Не растлумачвай гора ты майго, Твая няласка смутку ўся прычына, Калi ты хочаш пакараць каго, Дык языком карай, а не вачыма.

Скажы, што любым стаў табе другi, Ды не глядзi так нежна на другога. Нашто да гора дадаваць тугi, Калi ў мяне i так яе замнога?

Табе вядома моц тваiх вачэй I што ў тваiх вачах адлюстравана. Затым адводзiш ад мяне хутчэй Ты гэту зброю, што насекла раны.

Так не рабi! Ахвяра я амаль. Дабi мяне, каб разам скончыць жаль.

140

Разумнай будзь у жорсткасцi самой, Мяне сваёй пагардай не карай, Каб не прымусiў смутак горкi мой Сказаць пра найгарчэйшы мой адчай.

Скажы, што любiш, хоць не любiш больш, Скажы, як доктар хвораму, калi, Каб супакоiць прадсмяротны боль, Сто год жыцця прарочыць на зямлi.

Баюся я, каб на твае сляды Не кiнуў з роспачы ганебных слоў, Бо лiхамысны свет, як заўсягды, Прыняць за праўду трызненне гатоў.

Каб не крануў нас здраднiцкi паклёп, Мне ў вочы глянь, што ў сэрцы нi было б!

141

Вачыма я ў цябе не закаханы, Ў табе яны знаходзяць шмат пахiб. А сэрцу даспадобы ўсе заганы, Ўтрапёнымi якiмi нi былi б.

Твой голас не прыносiць асалоды, Мае пачуццi - дотык, слых цi смак Не мкнуцца, хоць жадаеш iх прыходу, На твой банкет юрлiвы анiяк.

I ўсё ж, - нi ўсiм пяцi iм не ўдаецца, Нi паасобна - сэрца ўгаварыць, Каб назусiм адмовiлася сэрца Табе служыць, тваiм падданым быць.

Пакута мне прыносiць i уцеху: Караеш ты, i ты ж наўчыла грэху!

142

Любоў - мой грэх, народжаны красою, Ў абузу нас i завяла яна. Ты параўнай маю вiну з тваёю: I у мяне, i у цябе - адна.

З тваiх бы вуснаў чуць дакор не варта, Бо цноту ганьбiлi яны ўвесь час. Я сам у рабаўнiцтве вiнаваты: Чужыя ложкi правяраў не раз.

Нiхто майго кахання не асудзiць, Як i тваiх, што ёсць i што былi. Спагаду ў сэрцы ты пасей, каб людзi Маглi з яе расчулiцца калi.

Здараецца i так на нашым свеце: Як ты свяцiла, так табе пасвецяць.

143

Ты толькi глянь, як гаспадыня-мацi, Дзiця ссадзiўшы, ловiць певунка. Уся яе увага на курчацi, Паветра мацае ўвесь час рука.

Зiрнi, як плача беднае дзiцятка Па той, што занята зусiм другiм. Увесь свой спрыт i сiлу без астатку Яна кладзе у паляваннi тым.

I ты за тым iмкнешся, што ўцякае, А я, малое, следам па зямлi. Вярнiся ж да таго, хто так чакае, I пацалуй, як мацi, прытулi.

Як толькi здзейснiш ты свае жаданнi, Тады i мне лягчэй на сэрцы стане.

144

На радасць мне i на пакуту мне Ва мне жывуць адразу два каханнi. Адно - кабецiна, за ноч цямней, Другое - друг у ангельскiм убраннi.

Каб месца даць у пекле мне хутчэй, Дык ангела ўсё спакушае д'ябал: Iмкнецца аддалiць з маiх вачэй, Змусцiць яго агнём сваiх паглядаў.

Не знаю, хто каго адолеў там, Але не ангел, мабыць, як здаецца. Пайшлi, пасябраваўшы, бачыў сам, Дык ангел трапiў пэўна ў тое месца.

Цi так, цi не - дазнаемся ў той час, Калi ён з пекла вернецца да нас.

145

Я ненавiджу! - з вуснаў тых, Якiя створаны каханнем, Пачуў збянтэжаны мой слых, Калi знябыўся я дазвання.

Мая каханая тады Язык адразу прыкусiла, Бо ён дагэтуль заўсягды Насiў прыемнасцi ад мiлай.

Як светлы дзень зганяе змрок, Нiбы якога злога духа, Маёй каханай язычок Маю скрышыў адразу скруху.