Читать «Пакой (на белорусском языке)» онлайн - страница 15

Жан Поль Сартр

- Яна мне болей не можа служыць, - нарэшце прамовiў ён.

- Чаму?

- Яны яе перайначылi.

- Ты зробiш другую?

Ён паглядзеў на Еву доўгiм позiркам i працадзiў скрозь зубы:

- А табе вельмi хацелася б.

Ева злавала на П'ера. "Кожны раз, як яны прыходзяць, ён загадзя папярэджаны. Як яму гэта ўдаецца? Ён жа нiколi не памыляецца".

Ворчка бездапаможна, жаласна звiсала з кончыкаў П'еравых пальцаў. "Ён заўсёды знаходзiць прычыну, каб ёю не скарыстацца. Калi яны прыходзiлi апошнi раз, у нядзелю, ён запэўнiваў, што недзе яе згубiў. Але ж я бачыла - яна ляжала за слоiкам з клеем. Ён не мог яе не заўважыць. Мне нават часам здаецца, цi не сам ён iх запрашае". Нiколi немагчыма было сказаць з пэўнасцю, калi П'ер бывае шчыры. У некаторыя моманты ў Евы ўзнiкала ўражанне, што яго сапраўды, мiма яго волi, апаноўвае нездаровы рой прычэплiвых думак i прывiдаў. Але iншы раз у П'ера быў такi выгляд, нiбы ён сам усё выдумляе. "Ён пакутуе. Пакутуе. Але да якой ступенi верыць сам у гэтых статуй i мурына? Ва ўсякiм выпадку, я ведаю, што статуй ён не бачыць - ён iх толькi чуе: калi яны пралятаюць, ён адварочвае галаву. А потым запэўнiвае, што бачыў. Ён iх нават апiсвае". Яна прыгадала пачырванелае аблiчча доктара Франшо: "Ды што вы, мiлая панi, што вы, усе вар'яты - хлусы; i вы марна трацiце час, калi хочаце адрознiць тое, што яны адчуваюць сапраўды, ад таго, што толькi кажуць, што адчуваюць". Яна ўздрыганулася: "Ды пры чым тут гэты Франшо? Я не збiраюся думаць, як ён".

П'ер устаў, падышоў да сметнiцы пад паперу i выкiнуў ворчку. "Як ты - вось бы як мне хацелася думаць". П'ер ступаў дробна, рухаючыся на самых дыбачках i прыцiскаючы локцi да цела, каб займаць як мага менш месца. Вярнуўшыся, ён сеў i зiрнуў на Еву з замкнёным выглядам.

- Трэба будзе дадаць чорнай фарбы, - сказаў ён, - у гэтым пакоi не стае чорнага.

Ён зусiм зашыўся ў фатэль. Ева з сумам глядзела на яго як бы скупое цела, заўсёды гатовае скурчыцца, сцiснуцца: галава, рукi, ногi - былi падобныя да скарачальных органаў. Насценны гадзiннiк прабiў шэсць гадзiн; пiянiна змоўкла. Ева ўздыхнула. Статуi прыходзiлi не адразу: iх трэба было чакаць.

- Хочаш, я запалю святло?

Ёй не хацелася чакаць iх у змроку.

- Рабi, што хочаш, - сказаў П'ер.

Яна запалiла маленькую настольную лямпу, i па пакоi разлiўся чырвоны туман. П'ер таксама чакаў.

Ён сядзеў моўчкi, але вусны ў яго ўвесь час варушылiся, на фоне чырвонай смугi яны выдзялялiся дзвюма цёмнымi плямамi. Ева любiла П'еравы вусны. Раней яны былi пачуццёвыя i хвалюючыя; але цяпер даўно страцiлi сваю пачуццёвасць. Яны безупынна растульвалiся ў дробнай дрыготцы i сцiскалiся, сплюшчвалiся i разлучалiся зноў. Толькi яны i жылi на гэтым акамянелым, як мур, аблiччы, нагадваючы сабой двух палахлiвых звяркоў. П'ер мог мармытаць так цэлымi гадзiнамi, але нiводнага слова так i не злятала з ягоных вуснаў, i часта Ева як загiпнатызаваная сачыла за гэтым ледзь прыкметным рухам. "Я люблю яго губы". П'ер нiколi ўжо не цалаваў яе; ён жудасна баяўся дотыкаў: уначы да яго дакраналiся мужчынскiя рукi, цвёрдыя i сухiя, шчыкалi яго па ўсiм целе; жаночыя, з доўгiмi-доўгiмi пазногцямi, лезлi да яго з агiднымi пяшчотамi. Часта ён клаўся ўвесь апрануты, але рукi слiзгалi пад вопратку, сцягвалi кашулю. Аднойчы ён пачуў, як нехта смяецца, i раптам нечыя тоўстыя губы прылiплi яму на рот. З той ночы ён не цалаваў больш Евы.