Читать «Пакой (на белорусском языке)» онлайн - страница 13

Жан Поль Сартр

Ева не адказала.

- Што ён хацеў? - спытаў П'ер. - Ён павiнен быў табе гэта сказаць.

Нейкае iмгненне Ева вагалася i потым адказала з жорсткай цвёрдасцю ў голасе:

- Ён хацеў, каб цябе пасадзiлi пад замок.

Калi П'еру старалiся сказаць праўду мякка, ён ставiўся да яе з недаверам, яму трэба было рэзаць яе прама ў вочы, каб аглушыць, паралiзаваць яго падазрэннi. Ды Ева i сама лiчыла, што лепш абысцiся з iм жорстка, чым ашукаць: калi яна хлусiла i ён, здавалася, даваў гэтаму веры, яна не магла адолець у сабе пачуцця перавагi, за якое сама сябе ненавiдзела.

- Пасадзiць мяне пад замок! - з iронiяй паўтарыў П'ер. - Яны там сапраўды, вiдаць, з глузду з'ехалi. Ды што гэта мне, што мне iх сцены? Яны думаюць, напэўна, што гэта здолее мяне спынiць. Я часам нават пачынаю думаць - можа, ёсць дзве банды? Сапраўдная, мурынава, i яшчэ адна - банда якiх-небудзь прыдуркаў, што хочуць паўсюль сунуць свой нос i лепяць дурасць на дурасцi.

Ён ускiнуў над падлакотнiкамi фатэля рукi i з задавальненнем, уважлiва на iх паглядзеў.

- Сцены... Сцены мы пройдзем. Што ты яму адказала? - спытаў ён i з цiкаўнасцю павярнуўся да Евы.

- Што цябе не пасадзяць.

П'ер пацiснуў плячыма.

- Не трэба было так казаць. Ты таксама зрабiла памылку. Прынамсi, калi не сказала гэтага наўмысна. Трэба даць iм выкласцi ўсе iх карты.

Ён змоўк. Ева сумна апусцiла галаву. "Яны iх хапаюць!" Якiм грэблiвым тонам ён гэта сказаў - i як гэта дакладна. "Няўжо i я - таксама хапаю? Дарма я сачу за сабой: па-мойму, большасць маiх рухаў усё роўна яго раздражняюць. Ён проста не кажа мне гэтага". Раптам яна адчула сябе няшчаснай i вiнаватаю, як тады, калi ёй было чатырнаццаць i панi Дарбеда, яшчэ лёгкая i жвавая, казала ёй: "Можна падумаць, што ты проста не ведаеш, куды падзець свае рукi!" Ева баялася варухнуцца, але якраз у гэты момант адчула неадольнае жаданне перамянiць паставу. Стараючыся не дакранацца да дывана, яна паволi падабрала ногi пад крэсла. Яе вочы глядзелi на настольную лямпу, падстаўку ў якой П'ер пафарбаваў чорнаю фарбай, i на шахматную дошку. На дошцы П'ер пакiнуў толькi чорныя пешкi. Часам ён уставаў, падыходзiў да стала i браў iх адну за адной. Ён гаманiў з iмi, называючы iх Робатамi, i здавалася, пешкi ажываюць у яго руках нейкiм цёмным, глухiм жыццём. Калi ён клаў iх на месца, Ева падыходзiла i брала iх таксама (у такiя моманты ёй здавалася, што яна выглядае смешна); пешкi зноў абарочвалiся кавалачкамi мёртвага дрэва, але на iх заставалася яшчэ нешта няясна-няўлоўнае, падобнае на пэўны сэнс. "Гэта яго рэчы, - падумала яна. - У гэтым пакоi нiчога майго няма". Раней тут было крыху яе мэблi. Маленькi iнкруставаны столiк з трыльяжам, якi ёй застаўся ад бабкi i якi П'ер, жартуючы, заўсёды называў: твой столiк. Пасля ён забраў гэты столiк сабе. Толькi П'еру рэчы адкрывалi сваё сапраўднае аблiчча. Ева магла глядзець на iх гадзiнамi: яны з нястомнаю i злою ўпартасцю прымушалi яе расчароўвацца, паказваючы адно сваю вонкавую абалонку - тую, што бачылi i доктар Франшо, i пан Дарбеда. "Усё роўна, - падумала Ева цi не з трывогай, - я бачу iх iначай, чым бацька. Не можа быць, каб я iх бачыла абсалютна так, як i ён".