Читать «Пакой (на белорусском языке)» онлайн - страница 17

Жан Поль Сартр

Раптам ён змоўк, i Ева ўсвядомiла, што статуi ўвайшлi ў пакой. П'ер сядзеў з пагардлiвым выглядам i быў увесь напружаны i бледны. Ева таксама напружылася; i яны абое застылi ў поўнай цiшынi. У калiдоры нехта хадзiў: гэта была Мары, што прыходзiла дапамагаць iм у гаспадарцы, - яна, вiдаць, толькi зайшла. "Трэба будзе даць ёй грошай на газ", - падумала Ева. I тут статуi пачалi лётаць; яны праляталi якраз памiж Евай i П'ерам.

П'ер натужлiва вухнуў i, падабраўшы пад сябе ногi, яшчэ глыбей зашыўся ў фатэль. Стараючыся адвярнуцца, ён круцiў галавой i час ад часу хмыкаў кароткiм смехам, на лбе ў яго блiшчалi кропелькi поту. Ева не магла болей вынесцi выгляду гэтай збялелай шчакi, гэтага рота, перакошанага дрыготкай грымасай; яна заплюшчыла вочы. I перад ёй, на чырвоным фоне павекаў, адразу заскакалi залацiстыя жылкi; яна адчувала сябе старою i ацяжэлай. П'ер шумна дыхаў зусiм побач з ёй. "Яны лётаюць, i гудуць, i схiляюцца да яго..." Яна адчула лёгкае казытанне, нейкую няёмкасць у правым плячы i ў баку. Iнстынктыўна яна ўсiм целам адхiлiлася ўлева - нiбы каб унiкнуць дотыку з чымсьцi непрыемным, нiбыта каб прапусцiць нейкую цяжкую, нязграбную рэч. Раптам падлога рыпнула, i Еве жудасна захацелася расплюшчыць вочы, зiрнуць направа, адагнаць паветра рукой.

Але яна стрымалася i не расплюшчыла вачэй, ажно ўздрыгануўшыся ад гэтай чаканай i горкай радасцi. "Я таксама баюся", - падумала яна. Усё яе жыццё затаiлася ў правым баку. Яна нахiлiлася блiжэй да П'ера, па-ранейшаму не расплюшчваючы вачэй. Цяпер ёй досыць было аднаго, сама маленькага намагання, i ўпершыню - яна ўвойдзе ў гэты трагiчны свет. "Я баюся статуй", - падумала яна. Гэта было як нейкае сляпое, утрапёнае перакананне, як закляцце; Ева ўсёю сiлаю хацела паверыць у прысутнасць статуй; яна старалася ператварыць гэтае трывожнае аняменне, што паралiзоўвала ёй правы бок, у нейкае новае пачуццё - у дотык. Сваiм бокам, рукою, плячом - яна адчувала, як яны пралятаюць побач.

Статуi ляталi паволi i нiзка; i ўвесь час гудзелi. Ева ведала, што ў iх хiтры, хлуслiвы выгляд i што вакол вачэй, з каменя, у iх растуць вейкi; але ўвогуле яна iх уяўляла кепска. Яна ведала, што яны яшчэ не зусiм жывыя i iх вялiкiя целы пакрытыя, нiбы цёплымi лушпiнамi, кавалкамi плоцi; што на кончыках пальцаў у iх лушчыцца камень i далонi заўсёды свярбяць. Ева не магла ўсяго гэтага ўбачыць, яна толькi ўяўляла, што нейкiя вялiкiя кабеты, велiчна i ўрачыста, слiзгаюць недзе зусiм побач з ёй i што ў iх - чалавечы выгляд i цвердалобая ўпартасць каменя. "Яны схiляюцца да П'ера". Ева зрабiла над сабой такое моцнае намаганне, што рукi ў яе пачалi дрыжаць. "Яны схiляюцца нада мной..." Раптам жудасны крык апалiў яе холадам. "Яны дакранулiся да яго". Ева адчула вялiкую стому. "Гульня, - падумала яна з папрокам, - усё гэта толькi гульня. Я нi на iмгненне не паверыла ў iх шчыра. А ён увесь гэты час пакутаваў сапраўды".