Читать «Пакой (на белорусском языке)» онлайн - страница 16

Жан Поль Сартр

- Агата, - сказаў П'ер, - не глядзi на мой рот!

Ева апусцiла вочы.

- Я выдатна ведаю, што па губах можна навучыцца чытаць, - дадаў ён з задзiрлiваю ганарлiвасцю.

Яго рука на падлакотнiку фатэля дробна дрыжала. Указальны палец выпрастаўся, тройчы стукнуў па вялiкiм, i ўсе астатнiя сцiснулiся: гэта было заклiнанне. "Хутка пачнецца", - падумала Ева. Ёй хацелася абняць, абаранiць П'ера.

П'ер раптам загаварыў вельмi гучным i велiкасвецкiм тонам.

- Памятаеш Санкт-Паўлi?

"Не адказваць. Гэта можа быць пастка".

- Гэта там я з табой пазнаёмiўся, - ён быў нiбы задаволены. - Я адбiў цябе ў аднаго дацкага марака. Мы з iм нават ледзь не пабiлiся, але я сказаў, што плачу за ўсiх, i ён даў мне цябе забраць. Зрэшты, усё гэта было толькi камедыя.

"Брэша. Ён не верыць нiводнаму свайму слову. Ён ведае, што мяне завуць не Агата. Ненавiджу, калi ён хлусiць". Але яна ўбачыла яго нерухомыя вочы, i яе гнеў адразу растаў. "Ён не хлусiць, - падумала яна, - яго нервы гатовыя лопнуць. Ён адчувае, што яны ўжо блiзка, i гаворыць, каб перашкодзiць сабе пачуць". П'ер абедзвюма рукамi ўчапiўся ў ручкi фатэля. Яго твар спалатнеў, па iм блукала ўсмешка.

- Дзiўныя ўсё-ткi бываюць сустрэчы, - сказаў ён, - але я не веру ў выпадак. Я ў цябе не пытаюся, хто цябе падаслаў. Я ведаю - ты не адкажаш. Але ўсё-ткi табе добра ўдалося мяне асляпiць.

Ён гаварыў цяжка, вымаўляючы фразы хуткiм i рэзкiм голасам. Некаторыя словы яму не ўдавалiся i вылiвалiся з вуснаў мяккай бясформеннай масай.

- Ты пацягнула мяне за сабой у сама святочнае скопiшча, памiж стойламi чорных аўтамабiляў. Але за машынамi хавалася цэлае войска чырвоных вачэй, што пачыналi падмiргваць, як толькi я паварочваўся да iх спiнай. Цяпер я разумею ты, вiдаць, рабiла iм нейкiя знакi, хоць сама ўвесь час вiснула ў мяне на руцэ. Я тады нiчога не бачыў. Я быў занадта зачараваны вялiкай цырымонiяй Каранавання.

Шырока расплюшчанымi вачыма ён глядзеў проста перад сабой. Потым вельмi хутка i нейкiм куртатым рухам правёў па лбе рукой, нi на хвiлiну не перапыняючы гамонкi: ён не хацеў маўчаць.

- Бо тады было каранаванне Рэспублiкi, - ледзь не крыкнуў ён пранiзлiвым голасам, - уражлiвае ў сваiм родзе вiдовiшча: там былi жывёлы ўсiх масцей, якiх прыслалi з калонiй спецыяльна на цырымонiю. Ты ўвесь час баялася згубiцца сярод малпаў. Я сказаў - сярод малпаў, - паўтарыў ён задзiрлiвым тонам, пазiраючы вакол сябе. - Хоць мог бы сказаць i сярод мурынаў! Паганыя неданоскi, што сноўдаюць пад сталамi, - выкрытыя i прыбiтыя на месцы маiм Поглядам. Загадана маўчаць! - закрычаў ён. - Маўчаць! Слухай маю каманду: усiм смiрна! Зважай на ўваход статуй. Тра-ля-ля, - ён выў, прыстаўляючы рукi да рота рупарам, - тра-ля-ля, тра-ля-ля!