Читать «Пакой (на белорусском языке)» онлайн - страница 14

Жан Поль Сартр

Яна варухнула каленямi: у нагах ужо бегалi мурашы. Цела было напружанае i прамое, як палка, i пачынала балець; Еве здавалася, што яно занадта жывое, надта прыкметнае. "Я так хацела б зрабiцца нябачнаю i заставацца тут; каб бачыць яго i каб ён мяне не бачыў. Я яму непатрэбная; я ў гэтым пакоi лiшняя". Яна крыху павярнула галаву i зiрнула на сцяну над П'ерам. На сцяне былi напiсаны пагрозы. Ева гэта ведала, хоць была няздольна iх прачытаць. Яна часта глядзела на вялiкiя чырвоныя ружы, якiмi была размалявана сцяна, пакуль яны не пачыналi скакаць у вачах. Ружы гарэлi ў паўзмроку. Часцей за ўсё пагроза была напiсаная пад самаю столлю, злева над ложкам, але часам яна перамяшчалася. "Трэба ўстаць. Я не магу, не магу больш сядзець у адной паставе". Апроч таго, на сцяне былi белыя дыскi, падобныя да разрэзанай напалам цыбулiны. Дыскi круцiлiся на адным месцы, круцiлiся... рукi ў Евы пачалi дрыжаць. "Я часам ужо вар'яцею... Ды не, не, - з горыччу падумала яна, - я не магу звар'яцець. Я проста нервуюся, вось i ўсё".

Раптам яна адчула, як П'ер узяў яе за руку.

- Агата, - пяшчотна прамовiў ён.

П'ер усмiхаўся, але трымаў яе руку кончыкамi пальцаў, нiбыта з гiдлiвасцю цi так, як трымаў бы за спiну краба, баючыся, каб той не ўхапiў яго клюшняй.

- Агата, - сказаў ён, - я так хацеў бы табе давяраць.

Ева заплюшчыла вочы, i яе грудзi паднялiся ў глыбокiм уздыху. "Не трэба нiчога адказваць. Тады ён супакоiцца, i паверыць, i болей не будзе нiчога казаць".

П'ер адпусцiў руку.

- Агата, я цябе, вядома, люблю, - сказаў ён. - Але я не магу зразумець. Чаму ты ўвесь час сядзiш у гэтым пакоi?

Ева не адказала.

- Скажы, чаму?

- Ты выдатна ведаеш, што я кахаю цябе, - суха адказала яна.

- Я не веру табе, - сказаў П'ер. - За што табе мяне кахаць? Я павiнен выклiкаць у цябе жах: у мяне неадчэпныя думкi.

Ён усмiхнуўся, але адразу раптам пасур'ёзнеў.

- Памiж табою i мной - сцяна. Я цябе бачу, я з табой гаманю, але ты - па той бок. Што не дае нам любiць адно аднаго? Мне здаецца, што раней гэта было прасцей. У Гамбургу.

- Але, - сумна прамовiла Ева: "Зноў Гамбург". П'ер нiколi не гаварыў пра iх сапраўдную мiнуўшчыну. Нi Ева, нi ён - у Гамбургу нiколi не былi.

- Мы гулялi з табой уздоўж каналаў. Там была барка, памятаеш? Чорная барка; i сабака на мосце.

Ён выдумляў паступова; выгляд у яго быў няшчыры.

- Я трымаў цябе за руку. Скура ў цябе была тады iншая. Я верыў усяму, што ты мне казала. Маўчаць! - закрычаў ён.

Хвiлiну ён прыслухоўваўся.

- Яны хутка прыйдуць, - абвясцiў ён змрочным голасам.

Ева ўздрыганулася:

- Прыйдуць? Я ўжо думала, яны не вернуцца нiколi.

Апошнiя тры днi П'ер адчуваў сябе спакайней, статуi не прыходзiлi. Ён жудасна iх баяўся, хоць нiколi не прызнаваўся ў гэтым. Еву яны не палохалi; аднак, калi яны пачыналi лятаць па пакоi i гусцi - яе палохаў П'ер.

- Падай мне ворчку.

Ева ўстала i ўзяла ворчку: гэта быў набор склееных П'ерам кавалкаў кардону, якiм ён карыстаўся, каб заклiнаць прыход статуй. Ворчка была падобная да павука. На адным кавалку кардону П'ер напiсаў: "Улада над пасткамi", - на другiм: "Чорнае". На трэцiм была намалёвана галава, якая смяялася, i ад вачэй у яе разыходзiлiся зморшчынкi: гэта быў Вальтэр. П'ер узяў ворчку за лапу i пачаў пiльна яе разглядаць. Выгляд у яго быў змрочны.