Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Жан Поль Сартр

Натуральна, Люсьен нiколi не павiнен быў выходзiць з саду, гэта было забаронена, i звычайна ён быў паслухмяны хлопчык, але ў той дзень яму хацелася пасваволiць. Ён задзiрлiва зiрнуў на вялiкi куст крапiвы; адразу было вiдаць, што тут - забароннае месца: мур быў крыху чарнаваты, крапiва - злая i шкодная, i пад самым кустом крапiвы нагадзiў сабака; вакол пахла раслiнамi, сабачым калам i цёплым вiном. Люсьен пачаў сцябаць крапiву кiёчкам i закрычаў:

- Я люблю маю маму, я люблю маю маму!

Ён бачыў, як у крапiвы ламаюцца i мiзэрна панiкаюць сцяблiны i як iх белаватыя, пакрытыя пушыстымi валосiкамi шыйкi раскудзельваюцца на дробныя валаконцы, выпускаючы белы сок. Ён чуў, як нейкi тонкi i самотны галасок крычыць: "Я люблю маю маму, я люблю маю маму". Побач лётала i гудзела тоўстая сiняя муха: муха была гнаявая, i Люсьен вельмi яе баяўся; ноздры яму распiраў моцны, забаронны, гнiлосны i спакойны пах. Ён паўтарыў яшчэ раз:

- Я люблю сваю маму!

Але голас здаўся яму чужы, ён жудасна напалохаўся i без аглядкi кiнуўся назад у гасцiную. Пачынаючы з гэтага дня Люсьен быў упэўнены, што не любiць мамы. Ён адчуваў сябе вiнаватым i таму зрабiўся яшчэ больш ласкавы, ён лiчыў, што трэба ўсё жыццё рабiць выгляд, быццам любiш сваiх бацькоў, iначай усе будуць цябе лiчыць злосным вiсусам. Панi Флёр'е заўважала, што з кожным днём сын з ёю ўсё больш пяшчотны; тым летам якраз пачалася вайна, тата пайшоў бiцца на фронце, i мама ў сваёй журбе была шчаслiвая ўжо тым, што Люсьен зрабiўся такi ўважлiвы. Надвячоркам, калi яна з цяжкай душою сядзела ў садзе на раскладным шэзлонгу, ён бегаў у пакой па падушку, якую падсоўваў ёй пад галаву, цi пакрываў капаю ногi, а яна, адбiваючыся, смяялася: "Ды мне будзе горача, мой ты чалавечак, якi ж ты клапатлiвы!" Тады ён, ледзь пераводзячы дых, iмпэтна цалаваў яе i казаў: "Мая мамачка! Мая!" - i потым бег пад каштан. Аднойчы, седзячы пад каштанам, Люсьен сказаў: "Каштан!" - i счакаў. Але нiчога не адбылося. Мама ляжала на верандзе, яна здавалася зусiм маленькаю ў цяжкай, задушлiвай цiшынi. Пахла цёплай травой, можна было б пагуляць у падарожнiка, якi апынуўся ў дрымучым лесе, але ў Люсьена ўжо знiкла ахвота гуляць. Паветра дрыжала па-над чырвоным грэбенем мура, сонца ляжала пякучымi плямамi на зямлi i на руках у Люсьена.

- Каштан!

Было вельмi дзiўна: калi Люсьен казаў маме: "Мая прыгожая мамачка! Мая!" мама ўсмiхалася; калi ён аднойчы назваў Жэрмену "дурында", Жэрмена заплакала i паскардзiлася яго маме. А калi ён казаў: "Каштан", - абсалютна нiчога не адбывалася. Ён прамармытаў цераз зубы:

- Гадкае дрэва! - i не трацячы надзеi, счакаў зноў.

Але ўбачыўшы, што дрэва не варухнулася, паўтарыў гучней:

- Гадкае дрэва, гадкi каштан, чакай, я табе пакажу!

I ён ударыў яго некалькi разоў нагамi. Але дрэва стаяла спакойна - так, нiбыта было драўлянае. За абедам Люсьен сказаў маме: