Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Жан Поль Сартр

- Паглядзi, якi ён у мяне вялiкi, я ўжо дарослы хлопчык, а калi ён зусiм вырасце, я буду мужчына i пайду бiцца з бошамi, у акопах.

Рыры здаўся Люсьену вельмi пацешным, i ён аж пакацiўся ад смеху.

- Ану, пакажы свой, - сказаў Рыры.

Яны параўналi, i Люсьенаў аказаўся меншы. Але Рыры махляваў: ён трошкi адцягваў свой, каб зрабiць яго крыху даўжэйшым.

- У мяне большы, - сказаў Рыры.

- Ну i што, - спакойна адказаў Люсьен, - а я затое самнамбул.

Рыры не ведаў, што такое самнамбул, i Люсьен вымушаны быў яму растлумачыць. Скончыўшы тлумачэннi, ён падумаў: "Значыць, я такi сапраўды самнамбул", - i яму жудасна захацелася заплакаць. Яны спалi ў адным ложку i дамовiлiся, што гэтаю ноччу Рыры спаць не будзе, каб сачыць за Люсьенам, а калi той устане, Рыры запомнiць усё, што ён будзе казаць.

- А пасля ты мяне пабудзiш, i мы паглядзiм, цi буду я што-небудзь памятаць.

Увечары Люсьен доўга не мог заснуць, i калi пачуў побач сапенне, вымушаны быў сам будзiць свайго брата.

- Адчапiся, - буркнуў Рыры.

- Прачынайся! Рыры, ты ж павiнен глядзець, як я ўстану.

- Дай паспаць, - прамовiў Рыры, ледзь варочаючы языком.

Люсьен пачаў яго трэсцi i шчыкаць праз начную сарочку. Рыры дрыгнуў нагамi, прачнуўся i так застаўся ляжаць, шырока расплюшчыўшы вочы, з дзiўленай застылай усмешкай. Люсьен пачаў марыць пра ровар, якi яму абяцаў купiць тата, пачуў свiст цягнiка, i потым раптам увайшла пакаёўка i рассунула фiранкi, было восем гадзiн ранiцы. Люсьен так i не даведаўся, што ён робiць уначы. Гэта было вядома аднаму Богу, бо Бог бачыў усё. Люсьен укленчваў у царкве на малiтоўнай лавачцы i стараўся быць паслухмяны, каб мама пасля iмшы пахвалiла яго; але Бога ён ненавiдзеў; Бог ведаў пра Люсьена болей, чым сам Люсьен. Ён ведаў, што Люсьен не любiць нi мамы, нi таты i што ён толькi прыкiдваецца паслухмяным, а сам па вечарах мацае ў ложку пiцэк. На шчасце, Бог не мог усяго памятаць, бо на свеце ёсць столькi маленькiх хлопчыкаў. I калi Люсьен стукаўся лбом i казаў: "Тако-так", - Бог адразу забываў усё, што бачыў. Апроч таго, Люсьен стараўся запэўнiць Бога, што любiць маму, i часам паўтараў у думках: "Як я люблю сваю мiлую мамачку!" Але ўсё роўна нейкi куточак у iм заўжды заставаўся не вельмi ў гэтым упэўнены, i пан Бог, натуральна, бачыў гэты куточак. У такiм выпадку выйграваў Ён. Але часам у тое, што кажаш, удавалася паглыбiцца цалкам. Трэба было, добра артыкулюючы, вельмi хутка прамовiць: "О! Як я люблю сваю мамачку!" - i ўбачыць мамiна аблiчча, i адчуць сябе такiм расчуленым, i цьмяна-цьмяна думаць, што пан Бог на цябе глядзiць, а пасля пра гэта ўжо нават зусiм не думаць, i тады ў вушах пачыналi скакаць словы: мама, мама, МАМА. Вядома, усё гэта доўжылася ўсяго толькi iмгненне, - амаль гэтаксама, як тады, калi Люсьен стараўся ўтрымаць крэсла ў раўнавазе, паставiўшы яго на дзве ножкi. Але калi якраз у гэты момант сказаць: "Така-тук", - пан Бог быў абдураны: ён бачыў усё толькi добрае i гэта заставалася ў яго памяцi назаўжды. Але хутка такая гульня надакучыла Люсьену: яна патрабавала вялiкага намагання, i ўрэшце нiколi немагчыма было цалкам упэўнiцца, выйграў пан Бог цi прайграў. Пасля першай Люсьенавай прычасцi кюрэ сказаў пра яго, што гэта сама пабожны хлопчык усяго катэхiзiса. Люсьен хутка ўсё цямiў i меў добрую памяць, але ў галаве ў яго заўсёды стаяў туман.