Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

Жан Поль Сартр

- А ведаеш, мама, дрэвы, аказваецца, драўляныя.

У той дзень панi Флёр'е не атрымала лiста з паўдзённаю поштай i суха адказала сыну:

- Не строй з сябе дурня.

Люсьен абярнуўся ў бядовага шкоднiка. Ён ламаў усе цацкi, каб паглядзець, як яны зроблены, скрэмзаў на фатэлi падлакотнiк татавым лязом i ў гасцёўнi скiнуў на падлогу старажытную грэчаскую статуэтку, бо яму карцела даведацца, што ў яе ўсярэдзiне; на прагулцы ён ссякаў кiйком галоўкi ў раслiн i кветак i кожны раз быў вельмi расчараваны: усе рэчы здавалiся яму бязглуздымi, яны ў сапраўднасцi нiбыта не iснавалi. Мама часта пыталася ў яго, паказваючы на кветку цi дрэва:

- А гэта як называецца?

Але Люсьен адно круцiў галавой i адказваў:

- Нiяк гэта не называецца, гэта наогул - нiшто.

Рэчы былi зусiм не вартыя ўвагi. Намнога цiкавей было выдзiраць ножкi ў конiка: тады ён пачынаў дрыжаць у пальцах, нiбы ваўчок, а калi яму нацiснуць на брушка, адтуль вылазiла жоўтая вадкасць. Але ўсё роўна: конiкi не крычалi. Люсьену вельмi хацелася памучыць якога-небудзь звярка, якi б крычаў, калi яму зробiш балюча, - курыцу, напрыклад; але ён не адважваўся да iх падыходзiць.

У сакавiку вярнуўся з вайны тата: ён быў начальнiк, i таму генерал сказаў, што пан Флёр'е будзе намнога карыснейшы на чале завода, чым у акопе, як немаведама хто. Пан Флёр'е заўважыў, што Люсьен вельмi змянiўся, i аб'явiў, што не пазнае свайго паночка. Люсьен нiбыта ўпаў у дрымоту, ён адказваў млява i марудна, заўсёды трымаў палец у носе цi дыхаў сабе на далонь i потым пачынаў яе нюхаць. Кожны раз яго трэба было малiць, каб ён справiў патрэбы. Цяпер у прыбiральню ён хадзiў сам, але павiнен быў пакiдаць дзверы трошкi адчыненыя, каб мама цi Жэрмена падыходзiлi час ад часу яму памагчы. Ён цэлымi гадзiнамi сядзеў на троне i аднойчы настолькi засумаваў, што заснуў. Доктар сказаў, што хлопчык вельмi хутка расце, i выпiсаў умацавальнага. Мама хацела была навучыць Люсьена новым гульням, але Люсьен лiчыў, што i так iх ужо досыць ведае i што ўсе яны ўрэшце аднолькавыя i вартыя адна другой. Ён часта хадзiў надзьмуты, i гэта таксама была гульня, але даволi забаўная. У ёй трэба было прымушаць хвалявацца маму i адчуваць сябе заўсёды самотным i нейкiм пакрыўджаным, трэба было не надта добра чуць, што табе кажуць, хадзiць нiбыта з зашытым ротам i глядзець вакол мутным позiркам. Усярэдзiне тады рабiлася так цёпла i мякка, як увечары, калi залазiш пад коўдру, i адчуваеш пах свайго цела, i думаеш, што ты ва ўсiм свеце - адзiн. Нарэшце Люсьен ужо не мог не дзьмуцца, i калi тата кплiвым тонам казаў яму: "Ну-у, якiя ў нас бэбахi-мэмахi!" - ён качаўся па падлозе i рыдаў. Ён нярэдка яшчэ круцiўся ў гасцёўнi, калi да мамы прыходзiлi госцi, але цяпер, калi яму падстрыглi бялявыя кудзеркi, дарослыя ўжо не звярталi на яго столькi ўвагi, а калi i звярталi, то каб прачытаць мараль цi расказаць павучальную гiсторыю. Таму, калi да iх у Фероль, уцякаючы ад бамбёжак, прыехалi яго стрыечны брат Рыры са сваёй прыгожаю мамай, цёткаю Бертай, Люсьен быў вельмi рады i паспрабаваў навучыць Рыры таксама гуляць у бэбу. Але той быў вельмi заклапочаны сваёю нянавiсцю да бошаў, i апроч таго у iм яшчэ адчувалася дзiцё, хоць ён на цэлыя шэсць месяцаў быў старэйшы за Люсьена. Увесь твар у Рыры быў у рабацiннi, i яму не заўсёды ўдавалася ўсё як след зразумець. Але менавiта яму Люсьен даверыў, што ён - самнамбул. Ёсць людзi, якiя ўстаюць сярод ночы, i размаўляюць, i гуляюць, не прачынаючыся; Люсьен прачытаў гэта ў кнiжцы "Маленькi ўсёзнайка" i тады ж падумаў, што, напэўна, ёсць нейкi сапраўдны Люсьен, якi ходзiць, гаворыць i па-сапраўднаму любiць сваiх бацькоў уначы, а калi настае ранiца, усё забывае i зноў пачынае прыкiдвацца, што ён Люсьен. Спачатку ён сам верыў у гэтую выдумку толькi напалову, але аднойчы яны пайшлi да зараснiку крапiвы, i Рыры паказаў там Люсьену свой пiцэк i сказаў: