Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Жан Поль Сартр

- Ха-ха-ха! - смяялася мама. - Як ты мяне цiснеш, маленькi ты мой чалавечак. Ану, сцiснi яшчэ мацней. Так моцна, як любiш.

Люсьен узяў прыгожую мамiну руку, унiзаную сярэбранымi пярсцёнкамi, i пакрыў яе дробнымi буськамi. Але назаўтра, калi мама сядзела побач i, трымаючы яго за рукi, каб ён не ўпаў з гаршка, сказала: "А-а-а, Люсьен, а-а-а, патужся, маё золатка, прашу цябе", - ён раптам перастаў тужыцца i, пераводзячы дых, спытаў: "А ты напраўду мая сапраўдная мама?" Яна адказала: "Дурненькi", - i запыталася, цi хутка ў яго што-небудзь выйдзе. З гэтага дня Люсьен быў упэўнены, што мама з iм грае камедыю, i ўжо нiколi больш не казаў, што ажэнiцца з ёй, калi вырасце. Зрэшты, у яго не было нiякага ўяўлення, у чым была гэта камедыя: можа быць, той ноччу з тунелем прыйшлi зладзеi i проста з ложка ўкралi яго маму i тату, а замест iх падклалi вось гэтых? Цi, можа, тата i мама былi сапраўдныя, але ўдзень яны выконвалi ролю, а ўначы рабiлiся зусiм iншыя? Ён мала здзiвiўся, калi раптам, прачнуўшыся ў калядную ноч, убачыў, як яны хаваюць у камiне цацкi. Назаўтра яны гаварылi пра Каляднага дзеда, i Люсьен рабiў выгляд, што верыць, але думаў, што гэта таксама ўваходзiць у ролю: гэтыя цацкi яны, напэўна, укралi. У лютым у яго пачалася шкарлятына, i ён вельмi весела бавiў час.

Калi Люсьен ачуняў, у яго ўзнiкла прывычка гуляць у сiрату. Ён сядаў пад каштанам, пасярод парослай траўкай палянкi, набiраў поўныя жменi зямлi i думаў: "Быццам я сiрата, i мяне завуць Луi. I быццам я не еў ужо цэлых шэсць дзён". Пакаёўка Жэрмена клiкала яго снедаць, i тады ён гуляў далей за сталом; тата i мама нiчога не заўважалi. Яны былi быццам зладзеi, якiя ўкралi яго, каб зрабiць сабе памагатага, такога ж зладзюжку. Але ён, як толькi паснедае, уцячэ i ўсiх iх выдасць. Ён еў i пiў вельмi мала: некалi ў кнiжцы "Прытулак Анёла-Заступнiка" ён прачытаў, што, калi вельмi згаладалы чалавек есць першы раз, ён павiнен з'есцi зусiм трошкi. Яго забаўляла, што ўсе вакол таксама гуляюць. Мама i тата гулялi, быццам яны мама i тата; мама гуляла, быццам вельмi хвалюецца, што яе золатка так мала есць, а тата гуляў, быццам чытае газету i часам круцiць перад носам у Люсьена пальцам i кажа: "Балябом, паночку!" I Люсьен таксама гуляў, але ўрэшце ўжо сам не ведаў у што. У сiрату? Цi ў тое, што ён Люсьен? Ён зiрнуў на графiн. Усярэдзiне зiхацеў маленькi чырвоны зайчык, якi скакаў у вадзе, i здавалася, што туды, у ваду, трапiла татава рука: яна была вялiзная i святлiвая, з маленькiмi чорнымi валасiнкамi на пальцах. У Люсьена раптам узнiкла ўражанне, што графiн таксама гуляе, быццам ён графiн. За ўсё снеданне ён так амаль i не дакрануўся да ежы i адвячоркам быў настолькi галодны, што ўкраў добры тузiн слiў, ад якiх ледзь не захварэў на нестраўленне. Тады ён падумаў, што яму надакучыла гуляць у Люсьена.

Зрэшты, перашкодзiць сабе ў гэтым ён быў няздольны, i яму ўвесь час здавалася, што ён гуляе. Яму хацелася быць такiм, як пан Буфардзье - такiм жа сур'ёзным i непрыгожым. Калi пан Буфардзье прыходзiў да iх на абед i, схiляючыся да мамiнай рукi, казаў: "Маё шанаванне, мiлая панi", - Люсьен стаяў пасярод гасцiнай i глядзеў на яго вачыма, поўнымi захаплення. Але ўсё, што адбывалася з Люсьенам, было несур'ёзна. Калi ён падаў i набiваў гузак, ён нават часам пераставаў плакаць i думаў: "Цi мне сапраўды такая ўжо вава?" Тады яму рабiлася яшчэ сумней, i ён яшчэ мацней плакаў. Аднойчы, калi ён пацалаваў маму ў руку i прамовiў: "Маё шанаванне, мiлая панi", - мама ўскудлацiла яму валасы i сказала: "Гэта нядобра, маё мышанё, нельга смяяцца з дарослых". Люсьен быў зусiм збiты з панталыку. Трошкi важнасцi яму ўдавалася набыць толькi ў першую i трэцюю пятнiцу месяца. Гэтымi днямi да мамы ў госцi прыходзiла шмат розных паняў, сярод якiх дзве цi тры заўсёды былi ў жалобе: Люсьену падабалiся гэтыя панi ў жалобе, асаблiва калi ў iх былi вялiкiя ступакi. Дый увогуле ён любiў быць сярод дарослых: яны былi такiя паважныя - з iмi нiколi не ўзнiкала думкi, што яны могуць забыцца ў ложку за такiмi рэчамi, якiя робяць маленькiя хлопчыкi; на iх заўсёды надзета столькi i такога цёмнага, што нават немагчыма ўявiць, што ў iх пад усiм гэтым ёсць. Калi яны збiраюцца разам, яны ядуць усякае рознае, i нават смех у iх такi важны; i ўсё так прыгожа, як на iмшы. Яны ставiлiся да Люсьена, як да сапраўднай асобы. Панi Куфэн садзiла яго сабе на каленi i, мацаючы за лыткi, абвяшчала: "Гэта найчароўнейшы красунчык, якога я калi-небудзь бачыла". Потым яна пачынала распытваць, што яму падабаецца, цалавала яго i пыталася, што ён хоча рабiць, калi вырасце. А ён то адказваў, што будзе вялiкiм генералам, як Жана д'Арк, i забярэ ў немцаў Эльзас-Латарынгiю, то хацеў быць мiсiянерам. I кожны раз ён шчыра верыў у тое, што кажа. Панi Бэс была высокая i дужая кабета з маленькiмi вусiкамi. Яна куляла Люсье на на спiну i, лашчачы, прымаўляла: "Вось мая маленькая лялечка". Люсьен быў зачараваны, ён дадушы смяяўся i курчыўся пад казытлiвымi ласкамi i ўяўляў сябе чароўнай маленькаю лялечкай, зробленай для дарослых; яму хацелася, каб панi Бэс распранула яго, памыла i паклала спаткi ў маленькай калысцы, як гумовага галышыка. I часам панi Бэс казала: "А лялечка ў нас размаўляе?" - i раптам нацiскала яму на жывот. Тады Люсьен прыкiдваўся завадной лялькай i сцiснутым голасам прамаўляў: "Пiп", - i яны абое смяялiся.