Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Жан Поль Сартр

Назаўтра Люсьен быў упэўнены, што нешта забыў. Ён выдатна памятаў сон, якi яму снiўся: тата i мама былi ў анёльскiм адзеннi. Люсьен голы сядзеў на гаршку, граў на бубне, а тата i мама ляталi вакол - гэта быў нейкi кашмар. Але да сну было нешта яшчэ: Люсьен, вiдаць, прачынаўся. I калi ён стараўся ўспомнiць, то бачыў доўгi чорны тунель, асветлены маленькай сiняю лямпачкай, вельмi падобнай да начнiка, што кожны вечар запальвалi ў бацькоўскiм пакоi. I недзе ў самай глыбiнi гэтага чорна-сiняга змроку нешта адбывалася - нешта белае. Ён сеў на падлогу каля мамы i ўзяў бубен. Мама сказала: "Золатка маё, ты чаго глядзiш на мяне такiмi вочкамi?" Люсьен апусцiў вочы i, ударыўшы ў бубен, крыкнуў: "Бом-бом-тарабом!" А калi мама адвярнула галаву, пачаў пiльна яе разглядаць, нiбы бачыў упершыню. Вядома, ён пазнаваў i сiнюю сукенку з палатнянаю ружай, i твар. Але цяпер нешта было трошкi iначай. Раптам яму падумалася, што - вось-вось, ён крыху яшчэ пра гэта падумае i знойдзе, чаго шукаў. Тунель асвяцiўся бледна-шэрым агнём, стала вiдаць, як там нешта варушыцца. Люсьен спалохаўся i закрычаў: тунель знiк.

- Што з табой, мiлая мая ясачка? - спытала мама. Яна апусцiлася побач на каленi i глядзела занепакоена.

- Я дурэю, - сказаў Люсьен.

Ад мамы добра пахла, але ён баяўся, каб яна да яго не дакранулася: яна здавалася яму нейкай дзiўнай. Зрэшты, i тата - таксама. Ён вырашыў, што болей нiколi не будзе спаць у iхнiм пакоi.

Наступнымi днямi мама нiчога не заўважала. Як i звычайна, Люсьен як хвосцiк бегаў паўсюль за ёю, трымаючыся за спаднiцу, балбатаў, як сапраўдны маленькi мужчына, i аднойчы папрасiў расказаць пра Чырвонага Каптурка. Мама ўзяла яго на каленi i, падняўшы палец, з усмешкаю пачала сур'ёзна распавядаць пра воўка i старую бабульку. Люсьен глядзеў на маму, паўтараючы: "А што тады?" - i час ад часу кратаў кудзеры, што звiсалi маме на шыю; але слухаць яе не слухаў, ён думаў - цi сапраўдная гэта яго мама? Калi яна скончыла казку, ён папрасiў:

- Мама, раскажы, як ты была дзяўчынка.

I мама пачала расказваць. Але можа быць, яна хлусiла. Можа быць, раней яна была хлопчык, i на яе ўвесь час надзявалi сукенкi - як на Люсьена тым вечарам, - i яна iх так i пачала насiць, прыкiдваючыся дзяўчынкай. Ён цiхутка памацаў прыгожыя мамiны рукi, якiя пад ядвабам здавалiся мяккiмi, нiбы масла. А што будзе, калi з мамы здымуць сукенку i яна надзене татавы штаны? Можа быць, у яе адразу пачнуць расцi чорныя-чорныя вусы? Ён з усяе сiлы сцiснуў мамiны рукi; у яго было такое ўражанне, што зараз проста ў яго на вачах яна ператворыцца ў якога страшнага звера цi, можа, абярнецца ў тую барадатую цётку, што ён бачыў на кiрмашы. Мама засмяялася, шырока разявiўшы рот, i Люсьен убачыў яе ружовы язык i глыбокую глотку: там было слiзка i брыдка, i яму захацелася плюнуць.