Читать «Не, не ўсё роўна (на белорусском языке)» онлайн - страница 10
Борис Саченко
Дзед не ўпарцiўся, не ўпiраўся, калi мы яго забiралi. Толькi здзiўлена, нiбы спалоханы, лыпаў вялiкiмi белазорымi вачыма, - iменна белазорымi, а не шэрымi, як здавалася мне некалi ў маленстве, - то на мяне, то на мацi.
Мо з тыдзень маўчаў ён, не кажучы нi слова, i ў нас дома. Ляжаў, застыла ўставiўшыся вачыма ў столь, i нешта думаў. Што?.. Ах, каб гэта можна было ведаць... Ды чужая душа - пацёмкi. Бывала, падыдзеш да яго, а ён нават не зварухнецца - ляжыць, сцяўшы губы, мярцвяк мерцвяком, аж не па сабе зробiцца, млосць па целе пойдзе, мурашкi халодныя скрабануць... Падумаеш мiжвольна: хiба памёр?
Але аднойчы, увечары, калi на комiнку гарэла лучына i мацi, нагнуўшыся над грэбнем, дзёрла лён, ён павярнуўся да яе тварам, доўга глядзеў, як хутка i спрытна аддзяляе яна кужаль ад патрэпак, i цiха, нiбы сам сабе, прамовiў:
- Век не думаў, што давядзецца памiраць на тваёй пасцелi. Каб ведаў, нi за што б не рабiў так...
Мацi нiбы i не пачула дзедавых слоў - сагнуўшыся, яна дзёрла i дзёрла лён. Толькi калi абцягнула пасму, стомлена выпрасталася, паглядзела некуды ў куток i, цяжка ўздыхнуўшы, сказала:
- Ат, што ўспамiнаць тое, што было. Усё адно не вернеш... - i, памаўчаўшы, дадала: - Дзеля Iвана, толькi дзеля Iвана цярплю я ўсё гэта, прасiў жа, як iшоў на фронт: "Глядзi бацьку, не дай памерцi на чужых людзях, калi што..."
- Не трэба, Насця, - папрасiў, упершыню назваўшы маю мацi па iмю, дзед. Я сам ведаю, што быў несправядлiвы да цябе, вельмi нават несправядлiвы... Не любiў я цябе i не мог дараваць сыну свайму, што ён, не спытаўшыся ў мяне, узяў цябе, круглую сiрату, у наш дом.
- А пры чым тут я, пры чым мае дзецi, якiх ты ненавiдзеў яшчэ болей, чым мяне? - ужо са злосцю сказала мацi.
- Сам не ведаю. З таго дня, як запiсаўся ў калгас, я зненавiдзеў усё, нават самога сябе. Падумаю - колькi здароўя я згубiў, колькi сiл паклаў, каб узбiцца на гаспадарку... А што з таго?.. Усё кату пад хвост, як i не было... Як падумаю, сэрца так i зашчымiць, крывёю абальецца: у такую хвiлiну гатоў любога, самага блiзкага чалавека, зубамi рваць...
Уткнуўся тварам у падушку i гучна, наўзрыд заплакаў... Я, каб не чуць гэтай размовы далей, апрануўся i выйшаў на двор. Стаяла шарая зiмовая ноч, падаў, падоўгу кружачыся ў паветры, дробны, лёгкi, як гусiны пух, сняжок, i на небе не вiдаць было нiдзе нi зорачкi. Прыхiнуўшыся плечуком да сцяны, я стаяў ля самага ганка сянец i думаў. Памятаю, у тую хвiлiну я прыгадаў бацьку роднага, блiзкага мне чалавека, якога нават не ведаю, дзе пахавалi, дзе яго магiла... А прасiў жа некалi мацi, каб паставiла, як памрэ, з тых восей, што хаваў ад калгаса дзед, на яго магiле крыж - "жалезны, каб надаўга вiдно было, што пад iм ляжыць чалавек"... Прыгадаў, як некалi мы хадзiлi з Саўкам да дзеда, насiлi яму за поплаў на калгасны гарод есцi i як ён даў нам па палавiнцы гурка; прыгадаў, як крычаў ён на мацi ў акупацыю, калi тая прасiла волiка прывезцi з лесу дровы... Прыгадаў усё сваё бязрадаснае, зглумленае, згвалтаванае вайною дзяцiнства... I на душы ў мяне стала горка, горка...