Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 94
Іван Чыгрынаў
Тым часам за дзвярамі замяўкаў кот, пачаў шкрэбаць па дошках. Яна паднялася з-за стала, упусціла ката на гэтую палавіну. Чубар праводзіў яе пажадлівым позіркам да дзвярэй, а калі вярнулася і зноў села, спытаў нечакана:
— І не баішся?
— Чаго?
— Ды от... немцы прыйшлі... а ты такая прыгожая, ладная...
— Мне ўжо за прыгажосць сваю быццам няма чаго баяцца, — адказала яна зусім спакойна, нават разважліва. — Усё роўна... Словам, што мне казаць трэба, сам бачыш. — Яны абое непрыкметна перайшлі ў размове на «ты». — Але, прызнацца, я не думала гэтак. Ды, мусіць, каб і думала раней, то таксама не стала б калаціцца ад страху. Жыццё такое... што кожны дзень не дае, а забірае нешта ад душы.
Чубар паглядзеў на яе, убачыў задумлівы твар, які зрабіўся, здаецца, яшчэ больш вабны, і адчуў раптам, што яму сорамна і шкада жанчыны... Але ён перамог у сабе гэтае пачуццё, сказаў амаль весела:
— Хадзем са мной?
— Куды? — зусім не здзівілася яна.
— А куды я, туды і ты.
— Не, мне так нельга, — сказала яна проста, як умеюць гэта рабіць натуры шчырыя і непасрэдныя, — я за яго адказваю і перад богам, і перад людзьмі... Без догляду ён не можа. Трэба, каб нехта заўсёды быў пры ім.
Чубар даўно — яшчэ з таго моманту, як зайшоў у хату — прыкмеціў, што пра мужа, які зрабіўся і вялікім няшчасцем для яе і, няйначай, ужо непамерным цяжарам, яна гаварыла без падкрэсленага шкадавання, але і без ценю раздражнёнасці ў голасе; адчувалася — тое, што здарылася з мужам, самым непасрэдным чынам датычыла і яе. Яна ўспрымала гэта з усведамленнем непазбежнасці і свайго абавязку перад ім. Таму Чубар ажно пашкадаваў, што не падумаў пра гэта перад тым, як рабіць сваё недарэчнае запрашэнне. Але гаспадыня на дзіва сама захацела прадоўжыць гаворку. — Лепей ужо ты заставайся тут, — сказала яна без сарамлівай умоўнасці.
— Не, я павінен ісці, — усміхнуўся ён.
Яна падумала.
— Куды цяпер ісці можна?
— Дарог заўсёды багата, — няпэўна адказаў Чубар. — Куды хочаш, туды і ідзі.
— Але ж на гэтых дарогах цяпер неспакойна.
— Так, неспакойна.
— Тады лепей пачакаць тут, пакуль не ўляжацца гэта вайна. Не хочаш у хаце, можна знайсці ўтульнае месца ў лесе. А я да цябе прыходзіць буду. Хоць у вёсцы таксама можна перачакаць. Бачыш, лес адразу за хатай... Уцячы паспееш, калі немцы раптам заявяцца.
— Не, не ў гэтым справа...
— У мяне на столі сена ёсць, калі ў хаце не хочаш.
— Не, я не пра тое.
Чубар ажно дзіву даваўся, як лёгка было гаварыць з ёй, здавалася, пра самыя складаныя рэчы. Галоўнае, не трэба было нічога тлумачыць.
— Заб’юць цябе аднаго, калі будзеш гэтак бадзяцца, — уздыхнула яна.
— Чаму ты думаеш, што я адзін?
— О-о-о, мяне не падманеш!
Чубар апусціў галаву.
— Бачыш, — нібыта выкарыстала момант яна, — я нават не таюся ад цябе. Кажу ўсё, як ёсць. Дзіўна, але сёння на мяне быццам найшло што. Я ж ніколі не была яшчэ такая.