Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 92
Іван Чыгрынаў
Тут было зусім па-іншаму, не так, як на першай палавіне: адразу кідалася ў вочы паскобленая, быццам сподні бок жытнёвага бохана, сасновая падлога, сцены, завешаныя вышыванымі, мусіць, яшчэ з дзявочага пасагу, ручнікамі і багатая сялянская пасцель — пуховыя падушкі ў белых міткалёвых навалачках, саматканая коўдра, падобная на крамны дыван, таксама прасціна з выбеленага і вельмі тонкага палатна.
Відаць, жанчына нямала папрацавала ў жыцці зімовымі вечарамі, збіраючыся ў замужжа, але вось нечага не пашанцавала ёй.
— Вы тут пасядзіце, — сказала жанчына, паказваючы на табурэтку пры стале, — а я зараз пра абед падумаю, раз ужо запрасіла вас.
Яна ніколькі не мітусілася, рухі ў яе былі павольныя, нават, здавалася, трохі марудлівыя; ва ўсёй паставе яе адчувалася тая маладая яшчэ нерастрачанасць, якая бывае і ў замужніх жанчын (калі тыя не раджалі).
Перад тым як выйсці з гэтай хаты, яна сказала для яснасці:
— То муж мой... хварэе...
— І даўно? — спытаў Чубар.
— Каторы год ужо.
— А што з ім?
— Ды ўсё... — яна ўздыхнула. — І хрыбціна, і... як гэта... мачавы пузыр... А як правільна хваробы завуцца, дык вон у паперцы, што ў бальніцы давалі, напісана. Ляжыць небарака каторы год і паварушыцца не можа, не тое што на ногі стаць. Таму вось так і ў хаце прапахла ўсё...
— Мусіць, яго прыціснула чым? — пацікавіўся Чубар.
— Не, само прыключылася.
— А што дактары?
— Якія цяпер дактары!.. Але тады, як працавала ў Гардзееўцы бальніца, то завозілі мы з братам яго некалькі разоў туды. Паляжыць, а тады зноў кажуць, каб забралі. А цяпер вось назусім прывезлі. І ні дактароў, ні лякарства. Ды яму, мусіць, дактары і непатрэбны ўжо. Я клікала нядаўна ў хату да яго доктара, чырвонаармейскага, праходзіла тут нейкая часць, як адступалі нашы, той таксама разводзіў рукамі.
Гаспадыня, мусіць, даўно звыклася са сваім становішчам, таму пасля выразнага смутку, які, здавалася, прыгнятаў яе хвіліну назад, раптам нібыта адкараскалася ад усяго пакутлівага, усміхнулася Чубару ранейшаю ветлай усмешкай.
— А ружжо ваша не стрэліць?
— Не стрэліць, — адказаў Чубар, але спахапіўся: затвор вінтоўкі ўсё яшчэ не быў пастаўлены на засцерагальнік; таму ён пацягнуў на сябе шляпку байка, крутнуў направа; пасля прыставіў вінтоўку да падаконніка. — Цяпер ужо напэўна не стрэліць, — усміхнуўся ён.
Гаспадыня выйшла.
Чубар пакруціў галавой па хаце. Адно бярно ў той сцяне, што выходзіла на вясковую вуліцу, выразна вылучалася на ўзроўні вачэй сваёй пачарнелай, нібыта адпаліраванай паверхняй і спрэс было размалявана рознымі знакамі, аб прызначэнні якіх не здагадацца. То былі ўсё маленькія крыжыкі, зорачкі, квадрацікі, трохкутнікі, кружкі, малюнкі. Адным словам, нейкая цэлая сістэма знакаў. Калі гаспадыня праз нейкі час вярнулася, несучы ў руках вялікую міску, накрытую драўлянай закрыўкай, Чубар ажно не ўтрымаўся, каб не пацікавіцца: