Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 96

Іван Чыгрынаў

Зазыба акінуў Драніцу ўсмешлівым позіркам, успомніў, як гаварыў пра яго Парфён Вяршкоў, калі прыходзіў у той вечар.

Парфён нездарма нагадаў тады раённага ўпаўнаважанага па Верамейкаўскім сельсавеце Мяшкова. Сапраўды, Мяшкоў быў тым чалавекам, што паплаціўся-такі за сваю дружбу з Драніцам. Тады яны ехаці разам з мястэчка. Выклікалі ў Бабінавічы ўсё верамейкаўскае начальства — вядома, упаўнаважанага, таксама старшыню сельсавета Ягора Піліпчыкава і ўсіх старшынь калгасаў — на нейкую куставую нараду. Але так павялося ўжо — дзе начальства, там і Мікіта Драніца. Той раз ён таксама выдумаў сабе справу ў Бабінавічах: сталі гаварыць, што верамейкаўскі крамнік Даніла Боц намачыў назнарок соль — цяжэй будзе, і Мікіта доўга абураўся, пакуль жонка не дазволіла схадзіць па соль у сельпо, за сем кіламетраў. І вось Мікіта напакаваў важкую торбу, прынёс на горбе да вазоў і закапаў глыбей у сена, што было на санях упаўнаважанага. Мерзнуць у мястэчку яму давялося да самага вечара, калі пасля нарады сельсавецкія і калгасныя старшыні сабраліся ў сельпоўскай краме, балазе, на вуліцы стаялі калядныя марозы, якія нанач асабліва даймалі ў дарозе. Зазыба з Ягорам Піліпчыкавым паехалі з мястэчка адразу, адно пастаялі трохі са знаёмымі старшынямі на базарнай плошчы перад царквою — Зазыба наогул з маладых гадоў неахвочы быў да пітва, а Ягор Піліпчыкаў у той дзень чамусьці спяшаўся дамоў. Найдаўжэй у мястэчку затрымаўся Мяшкоў. Да яго і далучыўся Мікіта Драніца. Мусіць, яны ў краме доўга адзін аднаго пераважыць не маглі, але каня пасля ўсё ж неяк здолелі выкіраваць за мястэчка і пусціць па наезджанай дарозе на Верамейкі. Конь у Мяшкова быў прывучаны да бабінавіцкай дарогі — упаўнаважаны нечага часта ездзіў з вёскі ў мястэчка, казалі, што ў яго там жыла братава ўдава, таму вазакі і апынуліся неўзабаве ў Верамейках, каля пажарнай, дзе ў прыбудове была сельсавецкая стайня. Абое яны былі моцна п’яныя і ляжалі ў абдымках адзін у аднаго на халодным сене. Лейцы былі завязаны зашмаргам на Мікітавай назе. Калі стары Ціток убачыў іх каля пажарнай, на дварэ ўжо быў глыбокі вечар; на ўсім, на сонных мужчынах, на кані, што прывёз іх у вёску па сваёй ахвоце, ляжаў іней. Ціток ажно злякаўся спярша — гэта ж такі мароз, магло ўсё здарыцца! — але пачуў, што людзі дыхаюць, замітусіўся каля саней. Першага ён завёз упаўнаважанага. Той кватараваў у Сілкі Хрупчыка, і Ціток разам з Сілкам аднеслі нерухомага Мяшкова ў хату, паклалі нераздзяванага на ложак. Лягчэй было з Мікітам Драніцай. Аксюта нібы адчувала што і выбегла за вароты адразу, як заскрыпелі пад вокнамі палазы. «У-у-у, заліў недзе зенкі, як тэй таго!» — яна дала мужу кухталя і сама, як ваўчыца якая, кінула яго на плечы сабе, патарабаніла ў хату. Здаволены, што гэтак развёз людзей на спачын, Ціток паехаў адганяць каня, які дрыжаў на марозе ўсёй скурай. І толькі на другі дзень, ужо ад людзей, стары пачуў, што Мікіта Драніца па дарозе з мястэчка ледзь не адкусіў упаўнаважанаму Мяшкову вуха. Мікіта заўсёды, як напіваўся, страшна скрыгатаў зубамі, тады нават жалезным чым разняць іх цяжка было. Але пра гэта ў Верамейках ведалі, і не знаходзілася дурняў падстаўляцца яму. Не ўбярогся адзін Мяшкоў. Калі яны ляжалі на возе ў абдымках, Драніца неяк дацягнуўся да ягонага вуха і пачаў жаваць. Уратавала трохі Мяшкова тое, што вуха само выслізнула з зубоў. Назаўтра Мяшкову давялося паехаць у бальніцу, каб там палапілі вуха.