Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 93
Іван Чыгрынаў
— Што гэта за маляванне такое? — паказаў ён на сцяну.
— А-а-а, — усміхнулася жанчына, — гэта... як вам сказаць... чысліннік такі, ці, як цяпер называюць, каляндар. Гэтае бервяно нам даў Васілёў дзед, калі мы будаваліся. Сказаў, што яму таксама яно дасталося ад свайго дзеда. Дык мы як памяць сямейную і ў сваю хату паклалі вось. Але чытаць не можам, нічога не разумеем. Дзед Васілёў і то не ўсё тут мог прачытаць, а мы і падаўна. Праўда, я трохі была навучылася. Зімой неяк, калі жывы яшчэ быў Васілёў дзед і калі не было чаго рабіць, але мала. Усе гэтыя малюнкі паказваюць дні, месяцы... Напрыклад, вунь той... Гэта — дваццаць трэцяга сакавіка. Бачыце? Засечка, пасля конь? Значыць, ужо настаў час выязджаць у поле. А прамяністы дыск на тонкай сцябліне абазначае, што пачаліся дні сонцавароту...
— А чаму вы запомнілі якраз дваццаць трэцяга? — спытаў Чубар.
Жанчына ўсміхнулася:
— Гэта дзень майго нараджэння.
Тлумачыла ўсё гэта яна амаль на памяць, бо занята была каля стала, на які выкладвала з міскі прынесенае з пограба сала, кружок шэрай каўбасы, залепленай белым тлушчам, рэзала на лусты хлеб. Адказвала яна на пытанні проста і талкова, але голасам чалавека, які багата і патаемна пакутаваў: у цёмных вачах яе быў незатуханы агонь надзвычай чуллівай душы.
Нарэшце на стол было выстаўлена ўсё, што мела гаспадыня на першы выпадак, каб накарміць старонняга чалавека, і Чубар пачаў няспешна есці — чамусьці не хацелася паказаць сябе перад гэтай жанчынай галодным. Яму падабалася гаспадыня, было ў ёй нешта такое багульнікавае, ад чаго мужыкі, як кажуць, страчваюць галовы, але ўвесь час свядомасць вяртала яго да хворага гаспадара хаты, які адзінока і бездапаможна ляжаў на ложку ўсяго праз дзверы, крокаў за восем. Гэта ўплывала нават на гаворку паміж імі, бо Чубар часта лавіў сябе на тым, што і ён сам, і тым больш гаспадыня рабілі штосьці непрыстойнае ў дачыненні да чалавека, які ўжо не мог спадзявацца ні на што на свеце. Але без гаворкі таксама нібыта нельга было ў іхнім становішчы, і яны таму гаварылі.
— А я гляджу, — успамінала яна нядаўняе, — нехта сядзіць пад акном на кані. Пасля падскочыў да вас той чалавек. Што гэта быў за чалавек, што каня забраў?
— Кажуць, аднаасобнік нейкі.
— Чый жа гэта?
— Відаць, адтуль, — пахіснуў Чубар назад галаву.
— А-а, мусіць, з Петраполля. Там, здаецца, не ўступалі ў калгас Нітачкіны. Ага, прыпамінаю. Ёсць там адзін такі мужчына, што падобны на гэтага. Ну, а конь? Чаму ён забраў каня?
— Конь, відаць, таксама яго быў.
Больш пра каня Чубар не стаў гаварыць, і гаспадыня таксама не падумала далей пытацца пра яго. Яна сядзела па той бок стала, амаль насупраць госця, але сама не дакраналася ні да чога: яўна што падабалася ёй, як гэты чужы чалавек мацаваўся харчам у яе хаце, а яна нічога не шкадавала, карміла яго. Думкі ў яе былі нейкія дзіўныя, адрывістыя і блытаныя, што раптоўна прыходзілі ў галаву і тут жа замяняліся іншымі. Мусіць, з гэтай прычыны і гамонка паміж ёй і Чубарам ішла непаслядоўная, таксама блытаная. То гаспадыня пытала, як яго завуць і куды ён едзе, то раптам пачынала ўспамінаць, як сама расла ў дзеўках, як гуляла з хлопцамі, і як яе засваталі, і як на запоінах бацька напіўся і выбіў у хаце акно...