Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 90
Іван Чыгрынаў
— Чалавека пакарміць шкадуеце! — Але ўжо з новай адметнасцю ў голасе — нібыта дражнячы аднавяскоўцаў, да таго ж мужчын. — А вы дарэмна кланяецеся столькі, — сказала неўзабаве жанчына і Чубару, — заходзьце тады да нас.
Яна аблакацілася на падаконнік, высунулася па грудзі на вуліцу. Цяпер можна было добра разгледзець жанчыну. У яе былі на дзіва рыжыя, ажно як медныя, валасы на галаве. У цёмных вачах хавалася патаемная ўсмешка, што заходзіла па нейкіх сваіх шляхах нават у куточкі губастага, выразна акрэсленага рота. Аголеныя па плечы рукі былі па-сялянску загарэлыя і прыгожыя; складзеныя амаль накрыж, яны спакойна ляжалі на падаконніку, падпіраючы вялікія грудзі, скрытыя пад цеснаватай, а можа, знарок пашытай без запасу, блакітнай блузцы.
Чубару на нейкі момант падумалася, што гэта, няйначай, якаясьці саламяная ўдава або проста вясковая маладзіца, якой нічога асаблівага не каштуе заманіць з дарогі ў хату кожнага ўпадабанага мужчыну, але па тым, як успрынялі шыраеўскія мужыкі гэтае запрашэнне — самым належным чынам, без падкрэсленай і хітраватай цікавасці — можна было меркаваць пра адваротнае. Праўда, жанчына сваім нечаканым запрашэннем нібыта ратавала іх ад непатрэбнага, дакладней, далікатнага клопату, такая акалічнасць, вядома, магла паўплываць на паводзіны людзей, аднак наўрад ці мела тут і гэта якое значэнне. Урэшце, як бы там ні было, але шыраеўскія мужыкі адразу пачалі ківаць Чубару галовамі — ці то падахвочваючы яго заходзіць у хату, ці проста развітваючыся; прынамсі, разыходзіліся яны з выглядам той годнасці, якая поўніць людзей пасля зробленага імі чагосьці надзвычай вартага, нават пазабывалі, што на ўзлеску па-ранейшаму сноўдалі ўзбуджаныя, быццам пакусаныя кім, свінні, якіх яны, як казалі самі, выйшлі на край вёскі пільнаваць.