Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 72
Іван Чыгрынаў
Аднекуль прыляцела на Зазыбаў гарод мухалоўка-белашыйка і села на макавінку. Тая ажно закалыхалася пад чорна-белым жывым камяком. Птушка апусціла паласатыя крылы, а хвост, кароткі і таксама паласаты, задрала ўгору. Хоць яна і не вельмі самавітая была па сабе, але нораў пражорлівы мела. Уласна, на гарод мухалоўка прыляцела яшчэ толькі з надзеяй — адчула раптам, што выясняецца і сушэе, тады і заспяшалася сюды, каб лавіць пчол, якія лётаюць звычайна па гурковых і гарбузовых косах. Але пчол на гародзе пакуль не відаць было, яны хаваліся ад слоты па вуллях... Таму мухалоўка пасядзела на макавінцы і пачала, ад няма чаго, спяваць — спярша як нясмела: «пік-пік», пасля з большым працягам: «пі-і-ік, пі-і-ік, пі-і-ік...»
Марфа, пачуўшы птушыны галасок, ажно выпрасталася і пашукала вачамі па гародзе птушку.
— А якраз на спасаўку, як тэй таго, і павінна быча радзіць, — сказала Аксюта пра Меляшонкаву Сахвею. — Але без Меляшонка цяпера паспрабуй выгадуй адна. Ета ж як рабіць, дак Меляшонак тута, а як расціць, дак яго няма!
— Што ты гаворыш, Аксюта! — як ад болю, паморшчылася Марфа. — Чалавек жа не сабакам сена косіць, а ваюе!
— Дак... Але ж вон Сёмачкін Раман дак не сплахаваў. Затое дома цяпера. А Меляшонак, можа, галаву паклаў.
— Яно так, — сказала Марфа няпэўна — ці то пагадзілася з Аксютай, ці то падумала пра нешта сваё.
Расадніца нарэшце была папраўлена, і Марфа адышлася, пачала ламаць на градзе бураковае лісце.
Аксюта таксама адступіла ад лескі.
На ядраны бурачнік Марфа кінула два гуркі-насеннікі, што ляжалі дагэтуль, быццам пасмаленыя парсюкі, на градзе, і той жа сцежкай вярнулася на двор.
Зазыба ўжо не майстраваў. Пад павеццю ў іх быў адгароджаны абапалкамі высокі закутак, дзе звычайна Масей — як наязджаў дамоў і ляпіў скульптуры — складваў сякі-такі інструмент, таксама матэрыялы, а больш за ўсё розныя гліняныя альбо гіпсавыя недаробкі, і Зазыба нечага цяпер корпаўся там.
Некалі ўсе Зазыбы, якія жылі ў Верамейках, дужа здзівіліся, што адзін з іхняга роду выбраў сабе гэтакі занятак. А пачалося як бы з забавы. У дваццатым годзе ў хату да Яўмена Зазыбы на пастой трапіў чэх з інтэратрада, што накіроўваўся на польскі фронт, і малы Масей пабачыў тады, як той ляпіў з гліны і воску чалавечыя галовы. Вылепіў чэх і галаву старэйшага Зазыбы. Але Масееў дзед незалюбіў — маўляў, гэта, няйначай, нячыстая сіла! Давялося чэху перарабляць чалавекаву галаву на... дыню.
Чэх той пажыў у Верамейках, здаецца, з тыдзень, пакуль стаяў увесь атрад, але Масею хапіла гэтага — неўзабаве ён пачаў браць з бажніцы ды камечыць бабіны свечкі, а як надышло лета — насіць на двор гліну. Улетку звычайна ўсё на Зазыбавым двары — і загавальня пад вокнамі, і ганак — было застаўлена Масеевымі вырабамі. Дзед Яўмен хадзіў давольны:
— От і майстар, глядзі! Можа, ганчаром стане! — Тады лічылася, што нават дрэнны ганчар не горай за добрага гаспадара.
Старэйшага Зазыбу надта цешыла, што ўнук неспадзявана праз «чэхаву забаву» памеў ахвоту да гэтакай самавітай справы.
— Адно цяпера, — гаварыў ён Дзянісу, — трэба пачакаць, пакуль хлапец трохі падрасце, а тады купім ганчарны круг, бо гліна вон за хатаю, толькі і растраты пасля, што на свінец, каб гарлачы да махоткі былі паліваныя.