Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 7
Іван Чыгрынаў
Маштакоў перавёў позірк на вайскоўца. Той кіўнуў галавой.
— Трэба ўладкаваць у Бабінавічах аднаго чалавека, — дагаварыў Маштакоў.
Тады вайсковец спытаў: .
— У вас там знаёмыя ёсць?
Зазыба прыкінуў у галаве, але адказаць не паспеў. Вайсковец удакладніў:
— Ну такія, каб як свае былі?
— Ёсць, — нарэшце адказаў Зазыба.
— Ну вось і добра, — з палёгкаю ў голасе сказаў Маштакоў. — Можна клікаць у хату Марылю, — паглядзеў ён на вайскоўца.
Той адразу ж устаў з-за стала і рушыў да парога.
Калі ў хаце засталіся Маштакоў і Зазыба, сакратар райкома паклаў на Зазыбава плячо руку:
— Цяжка?
— Да й не лёгка.
— Усім цяпер цяжка, Дзяніс. Але неяк адужаем. Не можа быць, каб не адужалі. Прыйдзе час, возьмем фашыста за горла.
— Дак трэба...
Маштакоў падумаў і спытаў:
— Можа, у цябе што ёсць і да мяне?
— Ёсць.
— Тады гавары, а то часу ў нас мала.
— Спытаць хачу.
— Давай.
— Ты от гаварыў пра новы хлеб. Дак... Адным словам, сам ведаеш, жніво яшчэ не пачыналі ў калгасе, але ж скора пачынаць мусім. Дак што тады рабіць са збожжам? Чубар гаварыў пра нейкую дырэктыву, бытта ў райкоме ты чытаў актыву.
— Мы сапраўды знаёмілі раённы актыў з дырэктывай Савета Народных Камісараў і Цэнтральнага Камітэта партыі ад дваццаць дзевятага чэрвеня.
— Ну от... Дык я Чубара зразумеў так, што па ёй усё падлягае знішчэнню.
— Правільна. Але ж ты сам кажаш, што жніво не пачыналі. Значыць, хлеба яшчэ няма.
— Аднак жа будзе!
— Дзіва што будзе, — кіўнуў галавой Маштакоў.
— Чубар казаў, каб пасевы...
Маштакоў прайшоўся па хаце.
— М-да, — сказаў ён праз нейкі момант, — кругом нам задаў фашыст задачу. Затрымайся на Сажы фронт яшчэ на два тыдні — хоць пра гэта галава не балела б. Са жнівом паспелі б. А цяпер збажына стаіць у полі быццам назнарок. Давядзецца неяк выкручвацца. Фашыстам і сапраўды нельга нашага хлеба аддаваць. Ён яшчэ самім спатрэбіцца.
— Я так думаю...
Але дагаварыць ім не далі: адчыніліся дзверы, і ў хату разам з вайскоўцам, які прыгінаў галаву, калі пераступаў парог, зайшла дзяўчына. Яна была прыгожая, усё ў ёй — і пастава, якую зграбна аблягала летняя, з дробнаю клеткай сукенка, і ногі з нібыта вытачанымі лыткамі, і спакойныя, аголеныя да плячэй рукі, і чорныя вочы, якія на першы погляд здаваліся трохі касаватымі, але ніколькі не псавалі маладога твару, — прываблівала вока. Зазыба ажно паглядзеў на Маштакова, быццам не паверыў, што менавіта яе давядзецца ўладкоўваць у Бабінавічах.
— Так, гэта і ёсць той чалавек, — сказаў вайсковец. — Завуць яе Марыляй. Гэта не сакрэт. Думаю, што вы самі пасля пазнаёміцеся.
У Верамейкі немцы чамусьці не спяшаліся, і непатрывожаная жнівеньская ноч усё кружыла над саламянымі стрэхамі стоенай вёскі, як зацяты птах. Амаль паўтараста двароў — па шнуравой кнізе дакладна сто сорак тры — патаналі ўначы, прыслоненыя да лесу, які ледзь не палохаў сваёй густой, нібыта чорная воўна, цемрай. Лес гэты ішоў сюды ад самае Бесядзі, што падзяляла мясцовасць на лясную і бязлесную. Да лясной належалі і Верамейкі. На тапаграфічнай карце двухсотгадовай даўнасці, якую адшукаў некалі ў старых кнігах Зазыбаў Масей, Верамейкі яшчэ не значыліся. Тады наогул усё гэтае забесяддзе ляжала нечапанае, адна пракаветная пушча ды азёры пасярод балот, якія непрыкметна, год за годам, зацягвалі іх купінай; следам наступаў лес, спускаючыся з сухіх выспаў — спярша чэзлыя сосенкі, якія гнала ў адну балоніну і якія доўга не маглі прастаяць на багне (пад купінамі была вада), але паступова балота храсла, высыхала, і на ім вырасталі магутныя хвоі. Па правы бок Бесядзі тым часам ужо гаманілі Бабінавічы, якія пасля, калі распрадавалі ў тутэйшых мясцінах каронныя землі, пачалі называцца мястэчкам. Уласна, гэта было самае вялікае паселішча на ўсю акругу. Адсюль набіраў сваё войска і Васіль Вашчыла, калі ўзбунтаваў супраць арандатара Гдалія, а разам з ім і супраць князя Радзівіла Крычаўскае староства. Паўстанне, як вядома з пісанай гісторыі, было падаўлена. Сам Вашчыла схаваўся недзе на адной з парубежных застаў, што стаялі тады кіламетраў за сорак ад Бесядзі. Паміж Сожам і Бесяддзю лютавала радзівілаўская «экспедыцыя». Былыя паўстанцы ратаваліся хто дзе, а больш падаваліся за Бесядзь — падалей ад кары і бліжэй да рускіх застаў. Адна за адной там узнікалі лясныя вёскі. Якраз тады і пачаліся за чатыры кіламетры ад Бесядзі Верамейкі. Заснаваў іх бабінавіцкі каваль Верамей, паплечнік Вашчылавага атамана Ветра, што з Канічаў. З кавалём за Бесядзь падаўся і ягоны брат Сенька, які, мусіць, таксама паваяваў з палякамі. Мясцовае паданне не захавала большых падрабязнасцей пра братоў, але ў Верамейках усё роўна ведалі, дзе была пастаўлена першая хата: на беразе ручая, што цёк у возера, якое хаваў сабою лес... Дык вось, было гэта дзвесце гадоў таму назад. Але за два стагоддзі ўсё перайначылася тут. Галоўнае — вырасла цэлая вёска. Цяпер яна ляжала амаль падковай вакол таго возера і займала — вядома, без ворнай зямлі — ці не два кіламетры ўзлобкаў і выспаў, што некалі нельга было нават угледзець за дрэвамі.