Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 6
Іван Чыгрынаў
Вайсковец выпрастаўся, падаў Зазыбу руку, але не назваўся.
Маштакоў глядзеў на Зазыбу з радасцю, якую ён не толькі не мог схаваць, але і не збіраўся гэта рабіць.
— Вельмі добра, што ты прыйшоў, — кладучы рукі далонямі на стол, сказаў Маштакоў. — Сядай і расказвай. — Ён пачакаў, пакуль Зазыба ўсаджваўся на табурэт з прапілаванай шчылінай, а тады спытаў: — Як справы ў вас, у Верамейках?
— Ці ж гэта справы? — чамусьці гледзячы на вайскоўца, адказаў Зазыба. — Я каторы дзень валяюся на ложку...
— Што так?
— Гарлянка замучыла, — сказаў Зазыба.
— Паганая гэта хвароба, — паківаў Маштакоў. — Здаецца, так сабе, глупства для мужыка, а бойся, як самае горшае. Брат мой некалі хварэў, дык я таксама ведаю.
Вайсковец пры гэтым чамусьці ўсміхнуўся як сілячыся.
Тады Маштакоў спытаў:
— А Чубар дзе?
— Не ведаю, — адказаў Зазыба, але дадаў. — Казалі ў вёсцы, што нібыта падаўся па бальшаку, можа, да вас, у Крутагор’е.
Маштакова Зазыбавы словы насцярожылі. Але працягваў ён гаворку зусім пра другое.
— Ну, што кароў калгасных не пакінулі ў вёсцы, пра гэта я ведаю, збожжа, мабыць, таксама не засталося? — Маштакоў паглядзеў на Зазыбу. — А як з новым хлебам?
— Не ведаю, — адказаў Зазыба, — яшчэ ж на полі ўвесь, у каласках. — І чамусьці апусціў вочы на бліскучыя халявы маўклівага вайскоўца, якія ляжалі пад сталом на суножцы.
— У Бабінавічах ужо немцы, — сказаў Маштакоў.— У Крутагор’і таксама...
— З учарашняга дня, — дадаў вайсковец.
— Увесь дзень трымалі, — сказаў Маштакоў, — а к вечару здалі.
— Але ж Чубар пайшоў туды, — нібы спахапіўся Зазыба.
— Вашага Чубара не зразумееш, — сказаў нездаволеным голасам Маштакоў. — Калі яго клікалі на важную справу, ён, па даваеннай звычцы, недзе хаваўся, а цяпер... — Ён пастаяў трохі з задуманым тварам, пасля кіўнуў галавой на карту: — Адным словам, раён наш ужо заняты праціўнікам!
Тады гаворку ўзяў на сябе вайсковец.
— Вольным застаецца пакуль адзін сектар, вось гэты. — Ён тыцнуў указальным пальцам у невялікі чырвоны кружок. — Крутагор’е, ад якога адыходзілі пад вуглом, бадай, у сорак пяць градусаў дзве тлустыя лініі, праведзеныя сінім алоўкам. — Як бачыце, Верамейкі вашы трапляюць у гэты сектар.
— Мы гэта для яснасці табе, каб ведаў, — сказаў Маштакоў. — Мяркуй сам, калі не сёння, то заўтра фашысты ў Верамейках будуць. Ад Бабінавічаў да вас ім ужо недалёка. Тым больш што нашых войск каля Бесядзі няма.
Зазыба слухаў, адчуваючы, як скура на твары рабілася нерухомай і зусім нячутнай, быццам адлівала кроў.
Маштакоў паглядзеў на Зазыбу, спытаў амаль у вочы:
— Ты вось пра што скажы мне, Дзяніс Яўменавіч, як ты да Савецкай улады — не перамяніўся?
Зазыба таксама падняў вочы на сакратара райкома, бо не зразумеў таго.
— Ты абавязкова павінен сказаць пра гэта, — стаяў на сваім Маштакоў, — бо я не так сабе...
Зазыба падумаў, што адказу яго чакаў не столькі Маштакоў, колькі вайсковец, таму сказаў без пакрыўджанасці, проста і шчыра, з усведамленнем усёй важнасці слоў:
— Не, не перамяніўся.
— Іншага я ад цябе і не думаў пачуць, — усміхнуўся задаволены Маштакоў. — Але даруй, гаворка цяпер паміж намі ідзе большая, чым звычайны давер. Мы вось параіліся з таварышам маёрам і вырашылі звярнуцца да цябе. Чалавек ты надзейны, гэта я ведаю. Мы тут надумаліся зрабіць адну справу.