Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 5

Іван Чыгрынаў

Да Кулігаеўкі было кіламетра паўтара, і Зазыба дабраўся хутка, нават не думаў, што на такое здатны пры хваробе. За павароткам, адкуль выступалі стрэхі кулігаеўскіх хат, яго перастрэў Сідар Раўнягін. Высокі і пляшывы, Сідар ступіў на сцежку з альхоўніку, парукаўся і сказаў:

— А мы думалі, што па цябе давядзецца ехаць.

Зазыба ўскінуў вочы, спытаў:

— Што ў цябе там?

— Пабачыш сам. — Сідар усміхнуўся і, цяжка стаўляючы раматусныя ногі, павёў Зазыбу ў пасёлак.

«Можа, Чубар заве? — падумаў нечага Зазыба. — Але чаму тады такая патаемнасць?» Зазыбу не хацелася зноў лаяцца з Чубарам: урэшце, нельга ўсё зводзіць да неразумнай мудрасці — абы месяц свяціў, а зоркі — як хочуць. Аднак непакоіўся ён дарэмна. Каля Сідаравай хаты, пад дубамі-сталеткамі стаяў грузавік, у якім нерухома, як вылепленыя з воску, сядзелі на лаўках чырвонаармейцы, трымаючы паміж каленяў вінтоўкі з прымкнёнымі штыкамі. У хаце Зазыбу чакалі сакратар райкома партыі Пракоп Маштакоў і незнаёмы вайсковец з дзвюма шпаламі на пятліцах. Маштакоў адразу падняўся з-за стала, на якім да гэтага разглядаў карту, падаўся насустрач. А Зазыба ад неспадзяванай сустрэчы ажно затрымаўся ў парозе, і пакуль Маштакоў нёс праз хату сваё атлусцелае, нягнуткае ў паясніцы цела, паспеў заўважыць, што той за паўгода, якія яны не бачыліся, вельмі змяніўся. Можа, вінавата была паўвайсковая форма — зялёная дыяганалевая гімнасцёрка, падпяразаная шырокім камандзірскім рэменем, але твар, заўсёды па-мужчынску дагледжаны, таксама нібыта страціў ранейшы выгляд, здаўся Зазыбу надта азызлым, нават васкаватым; пад вачамі ў сакратара райкома былі сінія пухліны.

Маштакоў абняў Зазыбу за плечы, павёў да стала.

— Знаёмся з таварышам, — паказаў ён на вайскоўца.