Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 9
Іван Чыгрынаў
Але пра Масея нагадаў яму ў Кулігаеўцы нават незнаёмы вайсковец, калі Зазыба вёў Марылю з Сідаравай хаты.
— Вы ад сына свайго лісты атрымліваеце? — спытаў раптам вайсковец.
Зазыба ажно сцепануўся, уцяўшы галаву, і цяжка, нібы махавое кола, павярнуўся на хату: вайсковец стаяў, трымаючыся рукой за край стала, і не зводзіў вачэй з Зазыбы.
— Не, — ціха, як у задыху, адказаў Зазыба. — Ён асуджаны па семдзесят другой стацці, без права перапіскі.
Тады вайсковец усміхнуўся, нібы жадаючы падбадзёрыць чалавека, але ўсмешка яго была як змушаная.
— Можа, вы чулі пра яго? — зрабіў Зазыба крок наперад.
— Нават бачыць давялося.
— Даўно?
— Не дужа, — ужо зусім строга сказаў вайсковец. — Але вы не хвалюйцеся, у яго ўсё добра.
Тады Зазыба ў сваёй неспадзяванай, але недаверлівай радасці паглядзеў на Маштакова і адразу панікнуў: сакратар райкома, нібы стыдаючыся чаго, плюскаў вачамі, спяшаючыся адвесці іх убок.