Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 178
Іван Чыгрынаў
Ён, мусіць, палічыў ужо, што галоўнае гэтым зроблена, што, нарэшце, звёў Рахіма з Ганнай, і, не чакаючы, пакуль тая сапраўды прынясе шклянку, пачаў соваць бутэльку назад у кішэню. Тады абапёрся далонямі аб стол, пасядзеў колькі моманту над ім, выпрастаны ў гарбе.
— Ну, вы тута ўжо мілуйцеся, як і трэба, а я тым часам дамоў...
Але Ганна заступіла дарогу.
— Ты от што, — тупнула яна ў раптоўнай злосці, — забірай свайго паліцая да!..
— Аксціся, Ганна! — залыпаў вачыма Раман.
— Ты носа не настаўляй тута!
— Ну, чыстая дурніца, — ляпнуў сабе па клубах Раман. — Ета ж табе не абы-хто. Рахім — найпершы цяпера чалавек у воласці. Ведаеш нямецкага каменданта Гуфельда?
— Здаўся мне твой Гуфельд!
— Нядобра так, Ганна! — як не з жахам пакруціў галавой Раман. — Перад ранейшымі начальнікамі дак!.. А як цяперака во, дак!..
— Ладна, — не слухалася гаспадыня, — ты мне тута язык не глытай, а забірай свайго Рахіма да каціцеся яечкам!
— А ён жа табе можа якія хочаш падаркі прыносіць. Цэлае багацце пасля сабярэш.
— Дзе ета ён возьме цяпера тое багацце?
— Дак! — І Раман распасцёр перад сабой рукі, нібыта кажучы, што цяпер цэлы свет у іх.
— Не трэба мне ні ваша багацце, ні вашы падаркі. Мне спаць пара. А калі хочаш яго прыстроіць да каго, дак вядзі тады ўжо да Хрысціны сваёй.
— Ну, ты!
— П’яны, п’яны, а шупіш трохі, — засмяялася Ганна.
— А ты думала!
Нарэшце Раман выйшаў з-за стала і крадком, быццам сумысна блазнуючы, пачаў абыходзіць гаспадыню, каб пракласці сабе шлях да дзвярэй. Тая, вядома, не стала лавіць за карак яго. Адно скрывіла, як ад болю, вусны ды пагардліва, нават перастаючы злаваць, паківала галавой услед. На парозе Сёмачкін запыніўся, каб падміргнуць цераз плячо Рахіму — маўляў, а ты не варонь тут! Тады і Ганна павярнулася да Рахіма, крыкнула:
— Ну, а ты чаго зенкі вылупіў? — І ў гэты момант пачула, як ляснулі дзверы — Раман, уцякаючы з хаты, ужо недзе тупаў па маснічынах у сенцах.
Татарын між тым ад яе голасу нават не зварухнуўся — было такое ўражанне, нібыта яго паставілі, няйначай, сцерагчы яе.
— Цьфу, не чалавек, а чорт нейкі, — ужо пацішэлым голасам сказала яна. — Але стой сабе, можаш хоць скрозь усю ноч стаяць!
Зусім назнарок яна зрабіла колькі крокаў за перагародку і схілілася там над дзіцячым ложкам. Хлопчыкаў нават не пабудзіў матчын крык. У хаце было цёпла, і яны параскрываліся. Большы, Петрачок, закінуў сваю голую ручку на шыю браціку, і Ганна прыбрала яе, паклаўшы пры боку ўздоўж цела. Шыя ў меншага хлопчыка пад рукой спацела, давялося абцерці яе рогам лахмана — дзеці гэтую ноч спалі абы на чым, бо сяннік іхні быў вытрасены і памыты, каб за жніво напхаць свежай саломай. Меншы хлопчык, часам яшчэ здаралася, цурбоніў пад сябе, таму Ганна памацала пад ім рукой. Але дарэмна непакоілася. Лахманы былі сухія. Тады яна ўзяла сына за ножкі, прыўзняла іх і выпрастала доўгую кашульку. Хоць у хаце і гарэла лямпа, аднак за перагародку святло не даходзіла, апрача як праз той занавешаны праём, што быў тут замест дзвярэй, і дзіцячыя тварыкі адно па-васковаму жаўцелі ў прыцемках. Ганна вельмі любіла сваіх хлопчыкаў. Можа, своеасабліва, не так, як другія маці сваіх. Але нават ёй іншы раз здавалася, што яна не аддавала ім усяе свае цеплыні, на якую тыя адны мелі падставу...