Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 176

Іван Чыгрынаў

Брава-Жыватоўскі тым часам сядзеў і думаў. Але вось ён бліснуў вачамі і назнарок зусім бесклапотна махнуў рукой:

— Ат, няхай сабе праўленцы рахуюцца там, а нам спяшацца няма чаго! — Аднак тут жа глянуў на Мікіту Драніцу і як успомніў: — Хоць што я кажу! Мы ж можам зрабіць па-другому. Няхай ад нас пойдзе туды Мікіта!

— Толькі каб слухаў тама на абодва вухі, — засмяяўся здаволены гаспадаровым рашэннем, Раман Сёмачкін.

Брава-Жыватоўскі падміргнуў Драніцу:

— Згода?

Мікіта не даў сябе ўпрошваць — адно перакуліў у рот паперад усіх сваю шклянку і, кусаючы на хаду ацеслы хлеб, спехам падаўся да парога: ён, бадай, з ахвотаю адмаўляўся ад далейшае выпіўкі, абы не даць магчымасці варушыць колішнія грахі.

Як не пад грукат дзвярэй выхлебтаў, быццам не ўмеючы, першую шклянку Сілка Хрупчык. Яму адразу налілі другую.

— Частуйся, частуйся, — не шкадаваў дармаўшчыны Брава-Жыватоўскі, а Сілку неяк нязвыкла было чуць таго гэтакім тараватым.

Адсутнасць Мікіты зусім не адбілася на «застоллі». Неўзабаве верамейкаўцы зрабіліся п’яныя — хоць Хвядос і разбаўляў спірт у Дзяржынні адзін да трох, але і гэтая прапорцыя моцна біла па галаве, асабліва калі ўлічыць, што наогул цяжка было вызначыць нейкую пэўную мерку для ўжывання. Як і заўсёды здараецца ў такіх выпадках, у хаце пачалася бязладная гамана, якую маглі слухаць усяго два чалавекі — Рахім ды Параска. Нават Брава-Жыватоўскі, які не дужа дазваляў сабе распускаць язык, і той пачаў расказваць Сілку Хрупчыку і Раману Сёмачкіну, як хадзіў першы раз да немцаў у Бабінавічы: яго ўжо нібыта чорт выклікаў на непатрэбную шчырасць, і ён стаў неўпрыкмет сабе пераказваць амаль слова ў слова тое, што апавядаў тады ў Бабінавічах каменданту. Брава-Жыватоўскі не бачыў, як усё большыя рабіліся ад здзіўлення вочы ў ягонае жонкі і як яна, нарэшце, схапілася за галаву і хістка выйшла...

Скончылася за сталом гэтая спасаўская выпіўка тым, што Раман Сёмачкін неяк адчуў, як надышоў позні час, і пацягнуў Рахіма за рукаў — хоць ён таксама быў п’яны, але не забыўся, што абяцаў павесці таго да Ганны Карпілавай.

— Ты нам ліні каліва ў якую пляшку, — папрасіў ён Брава-Жыватоўскага, — а то ў нас яшчэ сянні марцовыя справы з Рахімам.

Брава-Жыватоўскі нават не спытаў, дзе гэта, нацадзіў спірту ў паўлітровую бутэльку з недапітых шклянак і сунуў Раману ў кішэню.

Ганны Карпілавай не было дома — не вярнулася пакуль з калгаснай канторы, дзе яна прымала ўдзел у пасяджэнні праўлення, і Раману Сёмачкіну з яго цвярозым татарынам нічога не заставалася, як запаліць у чужой хаце лямпу і чакаць гаспадыню.

— Дзеці — два хлопчыкі — былі паўскаквалі з лахманоў, прачнуўшыся за дашчанай перагародкай, але неўзабаве сцішыліся: па-першае, адразу пазналі верамейкаўскага чалавека, а па-другое, ім наогул не за вялікую нечаканасць было бачыць у сваёй хаце знаёмых і незнаёмых дзядзькоў.

Раман выбавіў з глыбокай і перакручанай кішэні паўлітэрку, хацеў пашукаць у хаце заесці чым, аднак расчаравана паціснуў плячамі — наўрад ці пашанцуе, бо як і кожная ўдовіная хата, гэтая таксама палохала вока сваімі пустымі кутамі і голымі сценамі. Тады Раман зацята пабоўтаў перад сабой бутэльку, нібыта сіліўся ўбачыць там нейкі схаваны дасюль непарадак, а можа, нават цуд, затым з астылаю абыякавасцю паставіў на стол. Сядзець ды чакаць гаспадыню проста так было ажно мутарна, і Раман неўзабаве пачаў нудзіцца, шкадуючы ўжо, што надумаў усё гэта.