Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 179
Іван Чыгрынаў
Ганна яшчэ больш нахілілася над ложкам, а тады аблакацілася неяк там і ўзяла ў далоні свой гарачы твар.
Неўзабаве пачуліся сцішаныя крокі. Ганна сцепанулася, спалохана павярнула галаву — паліцэйскі стаяў у праёме, трымаючы над сабой саматканую коўдру.
«Яшчэ мне етага не хапала!» — абурылася Ганна, але выпрасталася і, каб не патрывожыць дзяцей, самахоць падалася назад на асветленую палавіну хаты. Пакуль яна ішла туды, паліцэйскі адступаў перад ёю, але вось падскочыў і раптам накінуўся на яе, чапляючыся рукамі за грудзі. Ад яго рэзка патыхнула ў твар ёй гнілым і зусім не мужчынскім пахам, быццам чалавека толькі што выпусцілі аднекуль з мышынае саламарэзкі. Рукі яго, акурат сляпуючы, сутаргава коўзалі па блузцы, спрабуючы знайсці разрэз на манішцы. Мусіць, паліцэйскі дужа хваляваўся, таму рукі яго былі нязграбныя, а кожнае дакрананне рабіла яе целу балюча.
Ганна не памылялася адносна таго, навошта прывёў Раман да яе гэтага чалавека. Але тое, што паліцэйскі нападаў гэтак, было ўсё ж нечакана. Колькі часу яна стаяла як прымораная альбо ў здранцвенні, быццам сілілася і не магла даўмецца, што ад яе патрэбна цяпер і што яна павінна рабіць у адказ. Але паступова свядомасць вяртала ёй здольнасць разумець усё, і тады жанчыне стала брыдка за самое сябе; з пакутлівай прыкрасцю, якая адбілася нават на твары, яна намаглася сабрацца ўся і штурхнула татарына ў кут, дзе ў яе стаялі проста на падлозе чыгункі. Штуршок удаўся моцны, мусіць, яна такі сабралася ўся, бо паліцэйскі не паспеў утрымацца на нагах і адляцеў да самае сцяны, выцяўся там аб нешта хрыбцінай. Ад такое свае рашучасці Ганна збянтэжылася, але ўсяго на адзін момант, бо паліцай пружыніста ўскочыў на ногі і зноў падаўся наперад, шалёна бліскаючы зрэнкамі. Можа, ад злосці, а можа, ад болю, калі ўдарыўся хрыбцінай, пальцы яго сталі цяпер больш учэпістыя, яны ажно праціналі яе цела; разяўлены рот цягнуўся да грудзей, намагаўся ўкусіць...
«Бог ты мой, што ета сянні на мяне наважджэнне такое?» — жахнулася Ганна і, нібыта паддаючыся татарынавай настырнасці і пэўна ўжо нечалавечай заюшанасці, пачала патроху адступаць да ложка, які стаяў з неразабранай пасцеллю пры сцяне паміж сталом і перагародкай. І тады заплакаў за перагародкай меншы хлопчык.
— Ма-а-ма-а-а...
Татарын раптам спыніў свой націск, а Ганна, нібыта ўспомніўшы аб нечым і адным часам жахнуўшыся гэтага ж, зноў штурхнула з усяе моцы гвалтаўніка. Дзіва, але гэты раз той таксама адляцеў — аж на сярэдзіну хаты, падкаўзнуўся там і гахнуўся ніцам на падлогу.
Малы яшчэ больш заплакаў за перагародкай. Тады прачнуўся — мусіць, ад ягонага плачу — і Петрачок.
— Мама! — паклікаў ён Ганну і, саскочыўшы з ложка, выбег з-за перагародкі на хату.
— Ідзі, дзіцятка, ідзі, спі, — сказала яму расчырванелая і запыханая Ганна, а сама не зводзіла вачэй з паліцая, які ўжо станавіўся на карачкі: ёй бы цяпер што-небудзь у рукі, але ўзяць нечага было.