Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 177

Іван Чыгрынаў

Адчуваючы, што можа неўпрыкмет заснуць за сталом, Раман сказаў нягнуткім языком Рахіму:

— Дак, ета, глядзі ўжо, каб у нас усё... каб у нас ажур быў.

— Мая панімай, — падняў у адказ руку паліцай — на твары яго пры гэтым не расслабіўся ні адзін мускул.

— Ну, ну, — падахвоціў Раман, а сам абвіснуў ад п’янай знямогі, наваліўшыся грудзьмі на край стала.

Кнот у лямпе патрэскваў і не даваў на хату патрэбнага святла — можа, стаў закароткі, і гаспадыні давялося даліць у лямпу вады, бо газы ўжо не хапала ў вёсцы.

За перагародкай, тонка пасопваючы, спалі дзеці. Якраз у тым куце, дзе стаяў іхні ложак, нешта пачало шкрэбацца — няйначай мыш: было чуваць, як яна перабягала з аднаго месца ў другое.

Раман ужо мармытаў у сне.

У Рахіма таксама закочваліся пад лоб вочы.

Пасля другіх ці трэціх пеўняў адчыніліся раптам дзверы, і парог пераступіла стомленая Ганна. Святло ў хаце яна заўважыла з вуліцы. І яшчэ там падумала: «Прывалакліся-такі!» Яна была падрыхтавана да гэтага Драніцай.

Татарын ажно ўпіўся вачамі ў яе. А Ганна прайшла за перагародку і нават не глянула на яго. Супакоеная, што дзеці спяць і што ўсё добра з імі, яна павесіла на цвічок хустку, а тады вярнулася на хату. Раман Сёмачкін к таму часу паспеў ужо прахапіцца — яго пакратаў за плечы паліцэйскі.

— Дак от, — павёў Раман да бутэлькі рукой, — дала б толькі заесці чым...

— Дзе я табе ета вазьму?

— Дак...

— Ідзі во сам на гарод да пашукай тама на градах чаго.

— Як ета ты жывеш, Ганна, што ў цябе і на зуб няма чаго палажыць? — прытворна здзівіўся Раман.

— А да мяне прыходзяць са сваёй гарэлкай і са сваёй капустай.

— Гм...

— От і гм!

— Мда...

— От і мда!

— Ладна, тады нясі хоць шклянку на стол. Я налью ўжо кроплю табе, так і быць, а ты як хочаш. Хочаш закусвай, а хочаш не. Я сваю долю дамоў панясу. З Хрысцінай во вып’ем.

— А ён? — кіўнула Ганна на паліцэйскага, які стаяў ледзь не па камандзе.

— Мусульма-а-анін, — пакруціў галавой Раман, — не п’е. — І хуценька дадаў: — Але навучым!

Ганна пасля гэтага ажно паглядзела на татарына: што ні кажы, а цікава бачыць мужыка, які не па хваробе зусім не бярэ ў рот гарэлкі! Але глядзець, як ёй падалося адразу, надта не было на каго — Раманаў сябра натапыраным і нібыта абгарэлым выглядам падобны быў у нязыркім святле лямпы на таго драўлянага чалавечка, якога некалі знайшлі верамейкаўскія школьнікі ў сваім лесе і якога пасля забралі ад іх у горад, ці не ў музей нават. Ганне ад нечаканага параўнання зрабілася смешна, аднак яна, дзеля прыстойнасці ў хаце, здушыла яшчэ ўсярэдзіне няпрошаны смех, а цяпер адно спытала ў Рамана:

— Што ета ён у цябе нейкі?..

— А ты не будзь дурніцай, — ківаючы галавой над сталом, пачаў павучаць Раман. — Прывёў во табе чалавека, дак, глядзі, не дужа каб, а то!..