Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 171

Іван Чыгрынаў

— Ну, што? Не адмовіў табе Хвядос?

— Дак, як тэй таго... — паказаў Драніца на бутлю, што ўвесь час стаяла на зямлі і была заціснута ў яго паміж ног.

Брава-Жыватоўскі здаволена пацёр адна аб адну свае вялікія рукі.

— Як тэй таго, дзеля спасу!

Ці то сумысна, ці ў яго выходзіла так, аднак перамаўляўся Брава-Жыватоўскі пакуль з адным Драніцай, і гэта выклікала ў зайздрослівай душы Рамана Сёмачкіна непрыемнае, нават нейкае помслівае пачуццё, нібыта гаспадар ганьбіў яго перад Рахімам. Але рахунак Раман усё ж браў, здаецца, не столькі да Брава-Жыватоўскага, колькі да Мікіты Драніцы. Брава-Жыватоўскі тым часам гукнуў з гарода сваю гаспадыню.

Весела сказаў:

— Бачыш, хлопцы да нас прыйшлі, трэба спас неяк правесці. Ты б сабрала чаго на стол.

Брава-Жыватоўскі гаварыў гэта голасам, які не дазваляў пярэчання, але Параска і сама кінулася выконваць мужаў загад з тою паспешлівай ахвотаю, якая бывае, калі людзі жывуць у добрай згодзе ці доўга не бачаць перад тым адзін аднаго: толькі на хвіліначку прыпынілася каля цэбра з зялёнай сечанкай ды развязала на спіне матузы фартуха, каб вытрасці з яго лебяду, якую нарвала на бульбянішчы. Брава-Жыватоўскаму таксама быццам не стаялася на месцы. Ён засігаў пад павець, да распрэжанага воза з сенам. Касіла сена Параска за Халахонавым хацішчам яшчэ, мусіць, тыдні са два, калі нават не спадзявалася на Брава-Жыватоўскага, які быў на фронце... Брава-Жыватоўскі цяпер падышоў да воза, сеў на дыбачкі, глянуўшы паміж колаў пад калёсы — ці хопіць месца, тады падскочыў і лёгка, быццам дзеля адной забавы, каб паказаць сваю дужасць, таркануў воз правым плячом. Воз ад яго штуршка здрыгануўся, і сена, зляжалымі пластамі, акурат шапка за шапкай, пачало паволі валіцца зверху на трэскі, вызваляючы калёсы па самыя гнушкі.

— Ты, як тэй таго, не падумаў, — гукнуў гаспадару пад павець Мікіта Драніца. — Трэба было б вынесці траву на сонца, можа ж, як тэй таго, сырая яшчэ?

— Дзе ўжо тое сонца? — смыкнуў шчакой Раман Сёмачкін, але не з таго, каб дагадзіць Брава-Жыватоўскаму: проста ўжо карцела хоць чым ды пярэчыць Драніцу.

— Дак уначы ж дажджу, як тэй таго, бытта не будзе, — недачуваў Раманавай злосці Драніца.

Брава-Жыватоўскі між тым зрабіў выгляд, што не слухае іхняе падказкі. Хвілін праз колькі ён выйшаў з-пад павеці, забраў ад плота вінтоўку.

Мікіта Драніца, які назіраў за гэтым, сказаў:

— Ты б, як тэй таго, хоць паказаў Раману патроны, а то ён, можа, яшчэ і не бачыў, якія яны, бяльгійскія, цяпера.

Але Раман Сёмачкін на гэта адно ўсміхнуўся:

— Дак яны во і нашы, рускія, не горай за вашы, бяльгійскія! — І паказаў кіўком галавы на трохлінейку, якую трымаў на ўлонні маўклівы Рахім.