Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 169

Іван Чыгрынаў

— Як рабіць будзем? Са сходам ці без сходу?

— Як хочаце,— яхідна ўсміхнуўся Раман. — Я толькі пагляджу, колькі вы мне намераеце!

— Як і ўсім, — замест Зазыбы адказаў Парфён Вяршкоў.

— Дак у мяне ж цяпера яшчэ чалавек во! — паказаў Сёмачкін на Рахіма.

— Нічога, ён палуча пайком у бабінавіцкага Адольфа.

З гэтай Парфёнавай дасціпнасці сярод мужыкоў і кабет выбухнуў рогат, а Мікіта Драніца нечакана сказаў:

— Калі ўжо, як тэй таго, на Рахіма таксама даваць, дак яго паласу трэба кладаўшчыцы аддаць.

Верамейкаўцы пераглянуліся.

Тады Драніца дадаў яшчэ:

— Снедаў жа сянні ён бытта ў яе! — І ўсміхнуўся, плюскаючы вачамі.

Тыя, хто прысутнічаў учора ў калгаснай канторы, успомнілі раптам, як гаварыў Мікіта, што Раман збіраўся павесці Рахіма да Ганны Карпілавай. Падзерын цяпер ажно змерыў вокам паліцэйскага.

— Але такі карантыш да каб дагадзіў Ганне? — зарагатаў Падзерын. — Нешта не верыцца, каб ён саўсім дачакаўся сняданку! Не такія ў яе хаце не вытрымлівалі, а еты! — І зноў кіўнуў на паліцая: — Не, Рахіму са сваім заткалам дак хоць...

Жанчыны ад гэтай Іванавай гамонкі пачалі адварочваць галовы, а Раман Сёмачкін кінуўся напярэймы Падзерыну, каб абараніць паліцэйскага.

Тады павысіў голас Зазыба:

— Ну, от што, хопіць-ка нам блынды правіць! — Ён убачыў у натоўпе Розу Самусёву, спытаў цераз галовы: — А Ганна? Дзе гэта Ганна сянні?

— Дак не ведаю, — паціснула плячамі салдатка.

— Во, а яшчэ амаль побач жывяце! — з дакорам сказала ёй Рыпіна Ціткова.

Тады людзі вакол, нібыта злоўленыя на чым, пачалі азірацца, няйначай, каб ведаць, каго яшчэ, акрамя кладаўшчыцы, няма сярод іх тут.

— Ты от што, — падумаўшы, сказаў Розе Зазыба, — пакуль мы да цябе дойдзем па спіску, дак схадзі ў вёску. Паглядзі, можа, тама... — Але не стаў дагаворваць, адно глядзеў пахмурна на паліцэйскага.

Сонца ўжо не толькі высока паднялося над зямлёй, але трохі збочыла на ўсходзе, каб паплысці па небе паўз вёску і ўвечары, перагарэўшы на гарачае вуголле, схавацца за возерам паміж зубцоў недалёкага лесу.

На траве блішчала, якая была з начы, вільгаць, а бульбоўнік, што пачынаўся па той бок гуцянскай дарогі, меў акурат падсвечаны выгляд і зелянеў так, што ажно рвала па-веснавому вочы.

Уласна, і жытнёвы палетак, і бульбяное поле ляжалі тут на самым хрыбце нейкага мясцовага ўзвышша, які ці быў нават пазначан дзе на тапаграфічнай карце агульнага карыстання. І калі Верамейкі са сваімі землямі размяшчаліся яшчэ амаль на аднолькавым узроўні з хрыбтом, то па правы бок узвышша мела круты схіл, які сыходзіў на роўны, нібыта ўкатаны, сухадол. Правей было зноў поле, але ўжо не верамейкаўскае. Тое належала адразу тром невялікім вёскам — Мяльку, Гарадку і Дзяржынню. Перад гэтымі вёскамі тануў у ранішняй смузе лес, што асланяў сухадол, удаючыся мысам, быццам карабель, у самую сярэдзіну яго.

Мікіта Драніца ведаў, што гаварыў, — і тады, у калгаснай канторы, і цяпер, у Паддубішчы: Раман Сёмачкін сапраўды вадзіў уначы Рахіма да Ганны Карпілавай.