Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 173

Іван Чыгрынаў

— Можа, тады Сілку Хрупчыка? — зрабіў круглыя вочы Раман Сёмачкін.

Але ягоная прапанова раптам абурыла Мікіту Драніцу:

— Навошта нам, як тэй таго, Сілка тута? — Мікіта занепакоіўся не таму, што Брава-Жыватоўскі меўся частаваць Хрупчыка ягоным спіртам; Драніцу больш за ўсё бянтэжыла тое, што нікому іншаму, як яму, давядзецца яшчэ і ісці ажно ледзь не ў самы канец вёскі па Хрупчыка.

Брава-Жыватоўскі адчуў гэты сэнс Драніцавага пярэчання, таму, падтрымліваючы Раманаву прапанову, паспяшаўся адным часам заспакоіць і Мікіту:

— І праўда, чаму б не паклікаць нам Сіланція? Параска мая, няйначай, схадзіла б па яго?

Гаспадыня і тут нават не павяла брывом — паслухмяна накінула на галаву вялікую гарусоўку і, затрымаўшыся ўсяго на адзін момант супраць люстра, якое вісела на паклеенай шпалерамі сцяне, выкацілася з хаты. Брава-Жыватоўскі паказаў гасцям на табурэты:

— Сядайце!

Вінтоўку сваю ён павесіў перад гэтым на цвік у прасценку паміж вокнамі, што выходзілі на падворак.

— Што гэта, кустоўка? — спытаў ён назнарок Мікіту, беручы ў абедзве рукі пузатую бутлю.

— Спірт, як тэй таго! Зноў спірту Хвядос наліў!

— Але ж разведзены, адна вада бытта, — пачаў пацвельвацца Раман Сёмачкін.

Тады Брава-Жыватоўскі кінуў вокам на абодвух:

— Нічога, што разведзены, булькае вось, як сапраўдны!

Падбадзёраны, Мікіта Драніца кінуў Раману:

— А ты, як тэй таго, не пі тады, раз лічыш!

Брава-Жыватоўскі яшчэ на падворку адчуваў, што паміж Драніцай і Раманам Сёмачкіным быццам чарцяня якое бегаць пачало, таму цяпер паспрабаваў злавіць таго за нябачны хвост.

— Нешта вы, як калгасныя пеўні, — засмяяўся ён, — лепей давайце вып’ем, пакуль дзяўбці адзін аднаго не пачалі.

Ён паказаў рукамі на поўныя шклянкі, а тады перанёс адну, чацвёртую па ліку, асцярожна цераз увесь стол, каб не скрануць кволы нават на вока каптарок, і паставіў перад Рахімам. Але той адмахнуўся. Зрэнкі яго вачэй пры гэтым загарэліся нейкай зусім нечалавечай злосцю. Брава-Жыватоўскі ажно збянтэжана ўскінуў бровы.

— Ты яго не руш з етым, — сказаў тады Раман. — У яго з етым... — І памахаў перад сабою рукой.

Брава-Жыватоўскі падняў сваю шклянку, пахмура сказаў:

— Нам болей будзе.

— Гы-гы-гы, — затрос галавой Мікіта Драніца.

— Ну, выпілі, — сказаў гаспадар.

Але Раман Сёмачкін быццам не пачуў гэтых слоў.

— Ты, вухаед, дужа не строй з сябе тута, — сказаў ён да Драніцы, — а то ж Рахім во не п’е, ён не паглядзіць, што твой спірт.

— Мусіць, танна ён абыходзіцца табе? — амаль ва ўпор, доўгім позіркам, паглядзеў нечага на Рамана Брава-Жыватоўскі.

— Не так мне, як Адольфу, — пажартаваў той.

— Ну-ну, — кіўнуў галавой Брава-Жыватоўскі. — Выпілі, Мікіта!

— Угу, як тэй таго...

Раман таксама не захацеў адставаць ад верамейкаўцаў.

— Во, хоць пап’ём цяпера сабе, — хукнуў ён ротам.

— А ты не дужа, як тэй таго, хукай, — параіў яму Драніца, — бо спірт.