Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 172

Іван Чыгрынаў

— Дак, як тэй таго... А дзе ж ты сваю падзеў? Мусіць жа, таксама давалі?

— А чаму ты лічыш, што падзеў? — незалюбіў Раман. — Можа, мая таксама ляжыць змазаная. Выцягну во з-за страхі калі да...

Брава-Жыватоўскі тым часам стаяў пасярод зацененага падворка і крадком зайздросціў Рахіму: маўляў, з чалавека гэтага ці звяжаш добры вузел, калі нешта спатрэбіцца, а ў Гуфельда сярод паліцэйскіх у гарнізоне ён карыстаецца найбольшым даверам! І ўжо невядома чаму раптам прыгадаў выпадак, як у дзевятнаццатым годзе за Растовам яны вешалі на ўкапанай у зямлю чыгуначнай рэйцы бальшавіцкага камісара, татарына па паходжанню. Той таксама быў негаваркі і вельмі зацяты, адно крыкнуў напаследак: «Саа-ба-кі!» Абознікі пасля расказвалі Брава-Жыватоўскаму, што камісар хоць і быў бальшавіком, але веры мусульманскай трымаўся строга — не еў сала і не піў гарэлкі.

«А як гэты?» — адвёў ад Рахіма Брава-Жыватоўскі вочы і стаіў у сабе ласкотную думку — маўляў, зараз паглядзім!

Пакуль Параска завіхалася ў хаце, збіраючы гасцям на стол, а самі госці сядзелі на загавальні, неба над Верамейкамі з цёмна-блакітнага стала неўпрыкмет пазалочаным, пасля наогул як загарэлася ўсё: нарэшце хавалася за лесам сонца, якое за адзін дзень ужо ледзьве не вярнула тую цеплыню жнівеньскага лета, што была страчана ў непагадзі.

Над вёскай, акурат над мостам, які падзяляў яе на два канцы, ляцелі за возера, цяжка махаючы крыламі, вароны: птушкі таксама не хацелі абначыцца абы-дзе!

Над падворкам таўклі мак камары.

Раман Сёмачкін змераў вачамі жывы слуп, схіліў, бы певень да сонца, галаву.

— Ці будзем ета мы сёлета рабіць што па гаспадарцы? — успомніў раптам ён і падлашчыўся БраваЖыватоўскаму: — Ты ж цяпера ў нас таксама начальства, дак трэба некаму каманду падаваць ужо. А то пагода настае, мы ўсё Зазыбавых слоў чакаем, бытта, апроч яго, і распарадзіцца ў Верамейках няма каму!

Але Брава-Жыватоўскі не падаў здаволенага выгляду — падкусіўшы, быццам у развазе, ніжнюю губу, ён пагіпаўся на падэшвах, а тады сказаў няпэўна:

— Зараз вось пакліча Параска да стала, там і пагаворым за чаркай. — І зноў звярнуўся да Драніцы: — Так, Мікітка?

— Дак ужо, як тэй таго!

Нарэшце Параска таўханула з хаты ў акне фортку, гукнула:

— Дак вядзі ўжо, Антон!

Брава-Жыватоўскі адразу паспяшаўся да высокага ганка і спыніўся там як гаспадар, прапускаючы паперад гасцей, якія заходзілі ў хату адзін за адным: першы, вядома, няўрымслівы ў прысутнасці Брава-Жыватоўскага Мікіта Драніца — абедзвюма рукамі ён моцна трымаў пад крысом фуфайкі цяжкую бутлю, за ім Раман Сёмачкін, тады Рахім. Мікіта Драніца паставіў у хаце бутлю на стол і нечага глянуў вінаватымі вачамі на гаспадыню, быццам асцерагаўся яе, хоць з усяе кампаніі адзін ён прыйшоў у госці, як кажуць, са сваім. Брава-Жыватоўскі зачыніў за сабой дзверы і, агледзеўшы застаўлены паліванымі міскамі стол, а тады — бутлю з разбаўленым спіртам, сказаў нібыта паміж іншым:

— Тут у нас столькі ўсяго, што наўрад ці здужаем мы гэта адны. — Стаўшы паліцэйскім, ён раптам памеў жаданне бачыць у сваёй хаце як пабольш верамейкаўскіх мужыкоў — ужо час быў неяк схіляць іх да сябе. — Можа, яшчэ каго паклікаць тады, га? — Разам з тым ён не траціў цвярозага пачуцця, бо наперад ведаў, што не кожны ў Верамейках цяпер кінецца нават на запрашэнне да яго.