Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 163

Іван Чыгрынаў

Чубар ішоў і ўглядаўся ў сялібу — здаецца, небяспека не пагражала. На гародзе была пакапана бульба, а на галым месцы, з якога пазносілі бульбоўнік на плот, ляжаў вялікі гарбуз. На падворку, адкрытым з усіх бакоў, ганяліся адзін за адным маладыя пеўнікі — яшчэ з ломкімі, таму ажно непрыемнымі галасамі: такія асабліва смачныя бываюць з маладой бульбай, маласоленымі гуркамі і кропам... Але з-за хаты раптам выйшла на падворак накукшаная кабета — мажная, з мускуламі на шыі і зямлістым тварам. Яна нават не прыгледзелася да незнаёмага чалавека, а забухкала адразу, быццам у трубу, нізкім, акурат балотным, голасам:

— Ідзі адсюль, прахадзі, а то ў нас і без цябе ўжо хапіла!.. — І паказала рукой на сад.

І выгляд, і голас яе былі такія, што Чубар не мог памыліцца — гэтак яго не столькі папярэджвалі пра штосьці небяспечнае, што магло б здарыцца, калі ён сапраўды ўзыдзе на падворак, колькі праганялі, як таго каршуна, які пачаў кружыць над дваром, прэч.

Збянтэжаны, Чубар нават не ўсчынаў гаварыць. Моўчкі, быццам з падцятым хвастом абыходзіў сялібу, адчуваючы, як на скронях набухлі жылы пад скурай.

Жанчына тым часам стаяла на падворку, цікавала спадылба за кожным Чубаравым рухам. У садзе, які абмінаў Чубар, стаялі вуллі. Каля абвошчаных лятковых шчылін там мітусіліся пчолы. Але на дрэвах пладоў не было — сёлета сад ялаваў. Адны пабурэлыя слівы грувасціліся на напятых галінах, ды чырванелі на мяжы жытнёвага поля садовыя рабіны.

Не паспеў Чубар прайсці паўз сад — дарэчы, хацішчаў на полі было больш, можа, нават за дзесяць, але астатнія не мелі садоў, таму і не кідаліся вачам здалёк, — і падняцца на ўзгорак, што пачынаўся ці не адразу за жылой сялібай, як убачыў забітага ваўка. Той ляжаў на калёснай дарозе, ужо амаль на самым скрыжаванні, якое было ўтворана гэтай калёснай дарогай і бальшаком, што ішоў ад Бесядзі. Абмінуць ваўка не было як, і Чубар падышоў да яго зусім блізка. Забіты звер нечым, можа, сваёй прыгожай сівізнай, нагадаў раптам... ваенурача. Ад гэтага параўнання, а дакладней — ад гэтае недарэчнае згадкі, Чубар ажно заплюшчыў вочы і здрыгануўся. Аднак сівыя абрысы прывіду, прынамсі, так хацелася спадзявацца, яшчэ з большай выразнасцю адбіліся ў цёмным прадонні вачэй. Тады Чубар скочыў цераз ваўка і рынуўся на злом галавы па дарозе да бальшака.