Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 161

Іван Чыгрынаў

Былі ў Чубара і іншыя назіранні над жыццём ва ўмовах акупацыі, хоць тая пакуль не лягла ўсім сваім цяжарам. Праўда, багата якія з гэтых назіранняў патрабавалі яшчэ праверкі. Аднак Чубара ўжо багата што пачынала бянтэжыць. Напрыклад, вельмі незразумелай была яму недаверлівая маўклівасць людзей. Чым далей ён адыходзіў ад лініі фронту на тэрыторыю, занятую ворагам, тым мацней адчуваў яе.

Прыгадваючы свае сустрэчы з людзьмі, Чубар успомніў таксама, як прабыў адну раніцу сярод жней. Тыя завіхаліся з сярпамі ля ўскраю лесу, жалі калгаснае жыта. Вёсачка, з якой яны былі, таксама стаяла пры лесе, але трохі наводдаль ад дарогі, што вывела Чубара на тое поле. Кабеты заўважылі чалавека з вінтоўкай, пасталі і пачалі ўглядацца з-пад локця. Першая да Чубара, калі ён спыніўся нарэшце на ржышчы, падышла рухавая і вясёлая з твару жанчына сярэдніх гадоў. Вочы яе, здавалася, ніколі не хмурнелі.

— Глядзіце, бабы, хто да нас прыйшоў! А мы думалі ўжо, адным векаваць давядзецца!

Яна акурат сыпала словамі. Смяялася сама і нібыта прымушала смяяцца другіх. Можна было падумаць, што сярод гэтых вясковых кабет, як у тым бабіным царстве, наогул была забаронена самота, а гаспадыні, як маладзейшыя, так і старэйшыя, яшчэ недзе да вайны папраганялі ад сябе мужыкоў.

Можа, зусім за лічаныя хвіліны Чубар быў і накормлены, і напоены, адно толькі спаць не пакладзены. Жанчына, што першая загаварыла з ім, была старшынёй мясцовага калгаса. Гаспадарку яна прыняла зусім нядаўна, можа, паўмесяца таму, а да таго была ў калгасе так званай незамужняй актывісткай. Чубар калісьці таксама нямала вылучаў такіх жанчын, — за тое, што на сходах выбіралі членамі ў розныя камісіі, у вёсках іх называлі «членкамі»: напрыклад, Полька-членка, Лёкса-членка і г. д. Калі Чубар сказаў, што і ён працаваў старшынёй калгаса, жанчына ажно пляснула рукамі.

— Вось добра! Гэта ж вас як ветрам нагнала. — І пачала ледзь не ўсчуваць: — Хопіць ныкаць па кустах! Бярыце ад мяне калгас!

Чубар, блазнуючы, замахаў рукамі.

— Пашкадуйце! — Але тут жа зрабіў строгі твар, сказаў: — У самой жа, бачу, няблага выходзіць.

Жанчына пасля гэтага сумелася, задумліва ўздыхнула:

— Гэта здаецца. А як на паверку, то... Весялю-весялю сваіх баб, а самой тым часам ажно плакаць хочацца. Не, я папраўдзе, станавіся ў нас за старшыню. — Ёй, мусіць, лягчэй было звяртацца да Чубара на «ты». — І зброя вось у цябе... — Яна паглядзела на вінтоўку так, нібыта сапраўды надавала гэтаму рашаючае значэнне.