Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 162

Іван Чыгрынаў

Чубар зноў паспрабаваў адбыцца жартам — маўляў, навошта яму другі калгас, калі ён ужо ўцёк ад аднаго? Тады жанчына павяла вачамі вакол, сказала:

— Ужо другі дзень жнём... калгасам...

Чубар спытаў:

— А немцы?

— Яны ў нас яшчэ пакуль праездам усё.

Чубар зноў спытаў:

— А як пажняце, а яны возьмуць ды забяруць зерне ад вас?

— Ім жа не забароніш! Раз прыйшлі, значыць...

— Тады навошта наогул жаць?

Але жанчына на гэта не адказала, адно з дакорам паглядзела на Чубара і зноў нібыта павесялела.

— Так вось калгасам і жывяце? — спытаў праз нейкі момант Чубар.

— А нам іначай не выпадае. Мужыкоў жа ў вёсцы зусім няма. Нават старых мабілізавалі. Засталіся адны дзяды. Дык што нам пасля, бабам, выдумляць? Будзем жыць як набяжыць.

Гаманілі яны гэтак доўга — Чубар давольны быў, што зноў прытарнаваўся на час да людзей, тыя таксама нічога не мелі супраць, наадварот, пры чужым ды неблагім чалавеку не толькі душу можна адвесці, а і працаваць быццам спарней...

Мясцовасць паўз Бесядзь была няроўная — то над усім узвышалася ўзлобкам, парослым драбналессем, па краях якога відаць пясчаныя плешавіны, акурат пасля апоўзняў, то цераз жоўтае поле нібыта прагіналася раптам, утвараючы глыбокую расколіну, якая нагадвала высахлую дзебру.

З адной такой дзебры нарэшце вынырнула стаптаная сцежка і павяла Чубара паміж кустоў па хвойніку, на краі якога скончыўся лог. Але ў тым месцы, дзе паабапал сцежкі стаялі — як падняць чалавеку руку — маладыя елкі, дарогу перагарадзіла вялікая, бы нацягнутая з суравых нітак павуціна, якая ў лясным сутонні, здавалася, блішчала. Чубар прыкмеціў яе яшчэ крокі за два і ажно спыніўся, як у той казцы. Павуціна, можа, ад парушанага паветра, калыхнулася. Як зачараваны, зрабіў Чубар яшчэ крок наперад. Гаспадара, які незнарок сплёў паміж елак гэты адмысловы карунак, не было дома. Адны ахвяры яго — мусіць, даўно не жывыя восеньскія мухі — віселі, заблытаныя на павуціне. «Значыць, даўно не хадзілі тут ні чалавек, ні звер», — падумаў Чубар. Ён наважыўся быў парваць локцем павуціну, каб пайсці далей, ды нечага стрымаўся, нібыта ў забабонным страху. Тады саступіў у малады хвойнік і, аберагаючы рукой твар, пачаў прабірацца скрозь яго, каб абмінуць павуціну і ўзысці пасля зноў на сцежку. Аднак ужо лягчэй было падраць на сабе адзенне, скрывавіць рукі і твар, чымся патрапіць на яе: дужа густа стаялі тут адна каля другой маладыя елкі. Таму Чубар збочыў яшчэ, дзе раслі вялікія дрэвы, і колькі часу вольна ішоў паміж імі. Убачыўшы чалавека, кінулася ад пагрызенага баравіка доўгая, быццам надвязаная чым, вавёрка. Недзе мякка зашпокаў па кары дзяцел. Нарэшце Чубар убачыў верасовую прагаліну, павярнуў туды — прагаліна пэўна ўжо выведзе яго на сцежку. І праўда, не зрабіў ён і паўтараста крокаў, як вачам адкрылася сцежка. Яна ўжо выпрасталася і спускалася з горкі: там, над непрыкметнай рачулкай, якая, пэўна ж, упадала ў Бесядзь, былі перакінуты дзве кладкі. Вада ў рачулцы была чамусьці дужа цёмная, як палітая чым, і, наўрад ці толькі цень ад кустоў ствараў гэтае ўражанне. Гледзячы пад ногі сабе, Чубар перайшоў кладкі, якія ажно ўгіналіся пад ягоным цяжарам. Густы хвойнік, па якім Чубар ішоў да самага лугу, тут канчаўся; адразу за кустамі на ўсю шырыню развіналася поле. Непадалёку на ім стаяла нейкая сядзіба — старая, з нізка пасаджанымі вокнамі ды памшэлай страхой хата, пад якой туліўся свіронак пры хляве, тады сад, што зусім не меў агарожы, і, нарэшце, так званы гарод, але ўжо абнесены шырокімі абапалкамі і сукаватым жардзём. Трохі наводдаль — як прабегчы на адным дыханні — кідаў на зямлю цень другі сад, аднак пры гэтым ніякіх гаспадарчых пабудоў не было. Тут, мусіць, стаяў населены пункт, які ці то пачалі звозіць, ды не скончылі, ці наогул людзі паехалі жыць адсюль у іншае месца.