Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 164

Іван Чыгрынаў

Мусіць, як і ўсе больш-менш прыгодныя дарогі цяпер, бальшак таксама выглядаў наезджаным аўтамашынамі. Адно што не хапала сёння руху на ім. Але то з’ява была, відаць, часовая. І Чубар, як толькі выбег на крыжаванне, кінуў хуткім позіркам у два канцы бальшака. У тым канцы, дзе павінна была цячы Бесядзь, штосьці чарнела на абочыне, як абгарэлы карабок. Чубар прыўзняўся на дыбачкі, каб лепей бачыць, але пазнаць не пазнаваў: да карабка яшчэ было не меней паўкіламетра.

Супроць карабка, але па другі ўжо бок бальшака,высіўся над полем шырокім голлем дуб.

Як не ў палахлівым утрапенні, Чубар патупаў да Бесядзі, і неўзабаве яму стала відаць усё, што заставалася дагэтуль скрытым ад вачэй, — за ракой, на самым далёкім плане — шырокая лугавая пойма, за якой сінеў, быццам прарэзаны бальшаком, лес, пасля сама рака, цераз якую на другі бераг вёў па доўгім пясчаным насыпе драўляны мост, а тады ўжо і ўвесь гэты схіл са счарнелым карабком, што перш за ўсё кінуўся Чубару, калі ён апынуўся на скрыжаванні.

Чым бліжэй падыходзіў Чубар да карабка, тым выразней бачыў, што гэта стаяла падбітая нямецкая бронемашына. Яна была нахілена правым бокам у прыдарожную канаву. Мусіць, нядаўна на бальшаку адбыўся бой: на самай паласе дарогі жаўцелі круглыя лапікі зямлі, хтосьці засыпаў ямкі ад выбуху. Чубар павёў вачамі далей па схіле. Па правы бок за канавай тырчалі драўляныя крыжы — па тры ў двух першых радах, а тады яшчэ два. Нават на адлегласці можна было здагадацца, што пастаўлены яны на варожых магілах: чырвонаармейцам крыжоў наогул не рабілі, а мясцовыя людзі хавалі нябожчыкаў з большай павагай, прынамсі, ніхто не дазволіў бы ставіць нячэсаныя круглякі з вузкімі дошчачкамі.

На крайняй дошчачцы, насупраць якой спыніўся Чубар, было выведзена бліскучай фарбай: «Werner Holzmacher, Leutnant,Kompanienführer, des Grenadierrgiments»********. Нават не ведаючы нямецкай мовы, Чубар разабраў па напісанні лацінскіх літар, што пад трыма іншымі крыжамі ў першым радзе ляжалі два Гансы, пасля Макс.

«Хто ж пабіў іх тут?» — з помслівай зайздрасцю падумаў Чубар і пачаў старанна азірацца, каб адшукаць яшчэ якія-небудзь сляды нядаўняга бою, а тады рушыў пад дуб, што стаяў наўскасок ад падбітай бронемашыны. Першае, што прыкмеціў Чубар, падыходзячы да дрэва, — гэта вялікую, з няроўнымі краямі адтуліну, якая глядзела, быццам акно ў хаце, на бальшак. Праз яе магла вольна праляцець птушка і не зачапіцца крыламі. У дрэве было дупло.

Чубар заглядзеўся на дуб і не заўважыў, як наступіў правай нагой на мяккі грудок зямлі. Грудок быў насыпаны таксама нядаўна і акурат па чалавечым росце, калі палажыць таго ды выпрастаць. Мусіць, тут і знайшоў сабе спачын той, хто напаў на гэтым бальшаку на немцаў.

Чубар нагнуўся, зруйнаваў неасцярожны свой след на грудку і на колькі хвілін нібы схаладнеў над магілай. Хацелася ўведаць хоць што пра чалавека, які ляжаў у ёй. Але дарэмна. Ніякіх адзнак не было, па якіх можна зрабіць гэта. І тады Чубар падумаў, што гэтым часам неяк лёс дужа несправядліва паварочваецца да герояў: ворагаў, якія прыйшлі захапіць краіну і заняволіць яе народ, нават і ў зямлю хаваюць па-чалавечы, а людзі, якія абараняюць гэтую зямлю ад іх і гінуць у жорсткіх баях, застаюцца безыменнымі, добра яшчэ, калі захаваюцца сведкі ці ўдзельнікі гэтых баёў...