Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 157

Іван Чыгрынаў

— Каторыя, мусіць, дак і начавалі тута! — усміхаючыся, сказаў Іван Падзерын, калі намеснік старшыні калгаса нарэшце выйшаў на абочыну.

Зазыба не абазваўся. Дагэтуль яму рупіла адно — дазнацца спярша ў дзядзькоў, ці бачыў хто нядаўна на ўсходзе тры сонцы, але Падзерын сваёй кплівай заўвагай, здаецца, выбіў з галавы запытанне. Зазыба павітаўся за руку з мужыкамі, скоса глянуў на Рахіма, які сядзеў на капцы, трымаючы на правым плячы вінтоўку. Няйначай, падумаў Зазыба, Раман Сёмачкін прывёў паліцэйскага сюды наўмысна, каб стварыць псіхалагічную насцярогу. Як і ў той дзень, калі верамейкаўцы першы раз пабачылі яго на бёрнах ля стайні, Рахім сядзеў абыякавы да ўсяго, але таксама з ранейшай зацятасцю на скуластым твары, акурат з насцярожанай рашучасцю — адно загадай яму, і ён зробіць усё, што трэба будзе: нездарма казалі ўжо, што Рахім паказаў сябе, можа, самым заўзятым паліцэйскім у Бабінавічах.

— Ну што, пачнём? — знарок весела кінуў мужыкам Зазыба.

— Да ўжо ж... — плаксіва пазіраючы нявыспанымі вачамі на сонца, матнуў галавой Кузьма Прыбыткоў.

Тады сказаў сваё Раман Сёмачкін:

— Мы яшчэ пабачым, як вы тама падзялілі ўсё!

— Рашылі правільна, — кінуў Раману Парфён Вяршкоў.

— Тады навошта было запірацца ў канторы? — пайшоў у наступ Сілка Хрупчык: гэтага, здаецца, больш за ўсіх укалола, што не паклікалі ўчора ў кантору.

Зазыба, хмурачы лоб, пачакаў, пакуль улягуцца незадаволеныя галасы, затым узяў з рахункаводавых рук складзеныя спісы, разгарнуў.

— Рашылі правільна, — павысіў ён голас, паўтараючы Парфёнавы словы, і дадаў: — Дзялілі на душы.

— Ета дзела! — заківаў галавой як узрадаваны Сілка Хрупчык.

— Узялі даваенныя спіскі, — гаварыў далей Зазыба, — да і прайшліся па іх, ад двара да двара.

— Значыць, і на тых давалі, каго няма цяпер у Верамейках? — здагадаўся і заплюскаў вачамі Раман Сёмачкін.

— І на тых, — не адрываючыся ад папер, адказаў быццам у задуманасці Зазыба.

— Дак чаму? — высунуўся наперад стары Ціток.

— Бо так справядліва будзе! — з незалежным выглядам буркнуў Парфён Вяршкоў.

— Але тады адны хлеб будуць есці, — як не закрычаў Раман Сёмачкін, — а другія дак зубы на паліцы трымаць?

— Во-во! — учапіўся за Раманавы словы Сілка Хрупчык, мусіць, шкадуючы ўжо, што незнарокам пахваліў быў праўленцаў. — Ета ж выходзіць, што Гапка Лапэзава атрымае паласу большую, чым Сілка. — Ён гаварыў пра сябе, як старонні. — У Гапкі трое сыноў, і ў Сілкі трое. У Гапкі мужык, Лапэза, а ў Сілкі жонка, Хрупчыха. Здаецца, па-вашаму так? Але Сілкавы дак усе дома, а Гапка цяпера адна на ўвесь двор!

— Гапкіны на вайне, — сказаў Парфён Вяршкоў. — І мужык, і хлопцы. Дык пра ета таксама не варта забываць.

— Але ж есці не просяць! — працяў яго раззлаваным позіркам Сілка Хрупчык.

— Нешта вы тута не дадумалі, — не пераставаў падаграваць вяскоўцаў Раман Сёмачкін: яму ажно не месцілася ў ватоўцы.

— Канешне, не дапёрлі, — бадай, не зусім свядома, але далучыўся да яго Ціток: старому, як напраўду, то ўсё роўна было, ён аднолькава меў бы ад дзяліцьбы пры ўсіх варыянтах, бо заўсёды жыў толькі з Рыпінаю.