Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 156

Іван Чыгрынаў

— А Хадоска дак нават дачакацца не магла!

Кабета глянула з-пад рукі на Зазыбу, выпрасталася.

— Дак... — вымавіла яна ў разгубленасці.

— Я кажу, не магла дачакацца, пакуль дзяліць пачнём, — сказаў другі раз Зазыба.

— А чаго мне чакаць? — раптам перамянілася ў твары Гаўрыліха і ўжо нібы зазлавала: — Чаго я з імі во дачакаюся? — Яна паказала на дзяцей. — Колькі ўхаплю сярпом, дак і маё!

— Як у той казцы, — усміхнуўся Зазыба, — колькі абягу зямлі, тая і мая.

Гаўрыліха не адказала. Апранутая, як назнарок, у лахманы, з вялікім жыватом, яна стаяла з растапыранымі рукамі на выжатым лапіку і падобна была на пудзіла, што выстаўляюць на гародах ад птушак. Меншыя дзеці яе тым часам абступілі ўжо намесніка старшыні калгаса і, ледзь не трымаючыся за боты, з цікаўнасцю пазіралі ўгору, нібыта лавілі пагляд ягоных вачэй. Затое памочнікі матчыны стаялі наводдаль натапыраныя, мусіць, з крыўдаю думалі: маўляў, гэта крычыш ты на нас цяпер, бо бацькі няма, на вайне, а то б не пасмеў праганяць з поля!..

Зазыба і дагэтуль ішоў да Гаўрыліхі без малое злосці, проста хацеў паўшчуваць, што палезла з сярпом абы-куды, не падумаўшы, дзе выпадзе на яе двор паласа, а тут убачыў столькі дзіцячых вачэй і вачанят, скіраваных з дакорам і неўразуменнем на яго, і здрыгануўся сэрцам.

— Ну, а калі тваё што пажала во, да пападзе каму другому? — сказаў ён, тлумачачы.

— Як ета?

— Мы ж дзяліць зараз усё поле будзем... Калі табе паласа тута не выйдзе?

Жанчына адчула, што Зазыба сам ці не збянтэжаны гэтым, адпусцілася, памякчэла голасам.

— Неяк жа тады ў палажэнне трэба ўвайсці, — ужо лісліва пачала яна. — Не магу ж я з другімі раўняцца, бо дзяцей етых ажно во колькі, плойма цэлая, дак... Ты ж Гаўрылу майго ведаеш, помніш, дружылі дайжа?..

Мусіць, недалёка было да жаночых слёз.

— Не хвалюйся, не пакрыўдзім, — паспяшаўся тады супакоіць цяжарную кабету Зазыба. — Гаўрылавых дзяцей не дадзім у крыўду. Але жаць тута, Хадоска, перастань. Няма чаго надрывацца, бо невядома, каму пасабляеш.

Зазыба з вінаватым выглядам падміргнуў мурзатым Хадосчыным дзецям і бокам, баючыся наступіць на якога, выйшаў з іхняга круга, а тады расхінуў перад сабой сцяну выраслага, бы на кучках, жыта і рушыў па ім напрасткі да другой дарогі, што была на краі нівы і аддзяляла яе ад свойскіх гародаў, утвараючы жытні трохкутнік. Зерне на каторых каласках у трохкутніку было ўжо аж чорнае, а з якіх дык і павыпадала на зямлю, і Зазыба са шкадаваннем падумаў, што сёлета не толькі не давядзецца як мае быць распарадзіцца ўраджаем, аднак і страціць багата яго. Тым не менш калоссе было тугое, у ім яшчэ хапала тае хлебнае важкасці, якую адчувае чалавек нават у часе хады, калі яно хвошча па твары, лапоча па закарэлым адзенні на грудзях.

Верамейкаўскія дзядзькі, сярод якіх стаялі і пасялкоўскія, адасобіўшыся ад жанок, гаманілі на дарозе, і Зазыбу, пакуль клычыў нагамі густое жыта, былі відаць іхнія галовы.