Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 155

Іван Чыгрынаў

Дзіва, але без абрадавай песні сёння таксама не абышлося — акурат у сапраўдныя зажынкі Рыпіна Ціткова сустрэла Зазыбу яшчэ на краі нівы:

А што ета ў полі гудзець?

Наш Зазыба-пасол ідзець,

Вясёлыя весці нясець!..

Старая пэўна блазнавала, спяваючы гэта, але Зазыба раптам нахмурыў лоб, ссунуўшы бровы на пераноссі.

— Ты яшчэ ў скокі пусціся! — сказаў ён.

Рыпіна адчула дакор у яго тоне, пляснула, бы вінаватая, рукамі:

— Дак ці ж ты забыў, Яўменавіч? Ета ж кажыннае лета так! Як першы сноп, дак і... Во раней дак і з гарэлкай нават хадзілі зажынаць. Бывала, першы сноп паставіш, а тады за пляшку адразу...

Жанчыны — іх стаяла багата тут з абодвух канцоў вёскі — засмяяліся з Рыпініных слоў, быццам таксама хацелі пераканаць у нечым намесніка старшыні калгаса. Але той не прымаў іхняй вясёлай узрушанасці. Як і ў хаце, калі снедаў, у душы яго зноў стаяла раўнівае пачуццё, і ён ажно не мог глядзець на знаёмых кабет, было жаданне не затрымацца каля іх і прайсці міма. Тым часам Рыпіна Ціткова не зводзіла з Зазыбы вінаватых вачэй.

— Дак ты ж і сам, — казала яна, — калі старшынёй быў, ставіў гарнец бабам за першы сноп.

— Некалі я вам ставіў, а цяпера вы мне павінны паднесці, — як дзеля адчэпкі кінуў бабам Зазыба.

Па правы бок ад дарогі нехта варушыўся ў жыце — няйначай, ужо смурыжыў сярпом. Зазыба прыўзняўся на дыбачкі, каб угледзець.

— Ета Гаўрыліха, — падказалі кабеты.

Зноў сярод жанок пачуўся смех, а Драніцава Аксюта, якая стаяла на абочыне ў лапцях, сказала як у здаўнелую помсту:

— Прывыкла за мужыком уладаць, дак і цяпера закону няма ёй!

Зазыба ступіў на травяністы копчык і абочынай, ўздоўж заплылай разорыны, ад якой пачынаўся засеў, падаўся да жанчыны, што, не зважаючы на галасы, то згіналася, то выпроствалася ў жыце. Сапраўды, то была Гаўрыліха. Пакуль верамейкаўцы збіраліся ў гурты ды гаманілі, абмяркоўваючы вясковыя навіны, а больш — тое, што павінны былі сёння рабіць, Гаўрыліха паспела нажаць снапоў на цэлы ўмалот на таку, займаючы паласу як найшырэй. Аксюта Драніцава дарэмна казала — жанчына гэтая ніколі не «ўладала», хоць была замужам за чалавекам, які доўгі час працаваў старшынёй суседняга з Верамейкамі сельскага Савета, бо ў хаце мела багата малых дзяцей, здаецца, пяцёра ажно, і ёй ці было калі нават адысці ад ночваў. Цяпер яна таксама была цяжарная. Але прывяла свой вывадак поўны, і дзеці, адно драбней за другое, распаўзліся ў забаве па калючым іржэўніку, а два большыя хлопчыкі — старэйшаму, Хведзьку, добра калі споўнілася чатырнаццаць гадоў — памагалі маці ў рабоце, вяжучы саламянымі перавясламі цяжкія снапы. Зазыба падышоў крокаў за шэсць да Гаўрыліхі, пастаяў, не падаючы голасу, колькі моманту, быццам хацеў паназіраць, як спрытна і нізка рэжа яна сярпом, пасля ступіў яшчэ трохі наперад і сказаў ціха, з папрокам: