Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 158

Іван Чыгрынаў

З гаваркіх ды настырных адзін Мікіта Драніца не прымаў удзелу ў спрэчцы — круціў вялікай галавой, быццам не толькі недачуваў, але і да канца не разумеў аднавяскоўцаў, хоць Зазыба дагадваўся, што той, няйначай, пабег яшчэ ўначы з калгаснай канторы да Брава-Жыватоўскага, адсутнасць якога паміж людзей цяпер дзівіла.

— Не дадумалі, не дадумалі, — робячы нібыта здзіўлены твар, круціў галавой Раман Сёмачкін. — Яно ж праўду кажа Сілка, Лапэзіха пасля такой дзяльбы будзе хлебам раскідвацца, а Сілку дак хоць торбы заказвай шыць. — Ён павёў вачамі на Зазыбу. — Што на душы дзяліць будзем, на ета мы згодны, але толькі каб на тыя дні, якія дома цяпера жывуць.

— Будзем рабіць так, як надумалі на праўленні, — вяртаючы Падзерыну спісы, непахісна сказаў Зазыба.

Але Сілка Хрупчык не хацеў слухаць.

— Якое ў вас тама праўленне было! — з пагардай паморшчыўся ён.

— І праўда, тры чалавекі, дак ета не праўленне! — зноў падаў голас Ціток. — Во, бывала, пры Чубары!..

Здавалася, гэта найбольш узбурыла Зазыбу, і ён рашуча секануў у паветры рукой:

— Раз вы лічыце, што намі былі дапушчаны парушэнні, дак завіце тады ўсіх сюды! Тута, ля гэтага капца во, будзе вам і агульны сход, і праўленне зараз!

XII

Яшчэ дыхаў недзе доктараў мозг, а Чубар кінуўся ў роспачы, хоць, можа, болей са страху, на край схону — сціскаючы вінтоўку і зусім не адчуваючы яе ў руцэ, ён з’ехаў нагамі наперад па абрывістым схіле і апынуўся якраз на той дарозе, па якой прыйшоў з-за Бесядзі ваенурач. Патрывожаны пясок на адкрытым і выветраным схіле пасыпаўся ўніз, але Чубар шоргату не чуў: лучыў, як далей адбегчыся ад таго месца, дзе адбылося забойства. Пра тое, добра ён зрабіў ці не, стрэліўшы ў чалавека, які неспадзявана кінуўся наўцёкі, у галаве не стаяла, ды і ці можна было ў такім стане прыйсці да якой пэўнасці.

Хоць Чубар і ахоплены быў гарачай тлумнасцю, але дарогу выбіраў акурат, гэта значыць, не памкнуўся праз увесь луг да ракі, дзе была Антонаўка, а цаляў у той бок, куды клаўся ягоны цень, якому ён, сігаючы з усяго спрыту, ледзь не наскокваў на галаву: наперадзе відаць быў невялікі, як астравок, бярозавы гай, мусіць, адзін з тых, што, уратоўваючыся ад плуга, часам застаюцца неяк паміж сенажаццю і ворнай зямлёй.

Нейкі час Чубар бег, нават не адчуваючы свайго цела. У вушах, можа, яшчэ ад стрэлу калыхаўся балючы звон. Здавалася, зусім дзеравянелі ногі. Але паступова замест гарачай тлумнасці, што засціла вочы, і гэтага звону, які ажно распіраў вушы, усярэдзіне, зусім як жывая, пачала варушыцца млосная прытарнасць, і Чубар, нібыта наперакор сабе запавольваючы бег, раптам паляцеў употырч у высахлую копанку, дно якой было зацягнута ліпучай цінай. Здарылася гэта ўжо амаль на краі лугу, калі да бярозавага астраўка заставалася не болей сотні метраў... Выбраўся Чубар з копанкі спалатнелы і абыякавы да ўсяго ад унутранай спустошанасці, акурат звер пасля хваробы ці залечвання ран. Хістка стаўляючы ногі і валочучы за рэмень вінтоўку па траве, ён патупаў далей па лузе, беручы перад сабой за арыенцір белую кару маладых бяроз. Калі ён нарэшце апынуўся там, то адразу лёг грудзьмі на дол, паклаўшы правай шчакой халодную галаву на мяккі сівец. Праз колькі хвілін у галаве прасвятлела, быццам разднела дзе, і чырвоныя мятлушкі, што пырхалі дагэтуль перад вачамі, паляцелі прэч. Але па-ранейшаму грукала, быццам драўляным пранікам па зямлі, патрывожанае сэрца.