Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 140

Іван Чыгрынаў

Чубар дзеля прыліку пачакаў, а тады сказаў, маючы намер адным часам і паспачуваць чалавеку, і падняць дух у яго:

— Гэта вы толькі ўзялі сабе ў галаву. Проста вам адпачыць трэба перад тым, як...

— Вы думаеце, я стаміўся? — Доктараў позірк быў накіраваны на Чубара, але вочы здаваліся ўсё ж невідушчымі.

— Не можа ж быць, каб тое, што здарылася з братам і яго сябрамі, прыгнятала вас увесь час! Урэшце, не павінна быць! Вось адпачнеце...

Але ваенурач зноў перахапіў размову і пачаў тлумачыць:

— Гэта толькі здаецца так. А на самай справе было ўжо часу на адпачынак. Аднак скальпеля ў рукі ўзяць вось не магу і цяпер. Баюся. Адно, на што здатны яшчэ як урач, гэта прапісаць лекі ад жывата ці галавы.

— Значыць, не ўсё яшчэ страчана, — наўмысна весела сказаў Чубар.

— Але дзе цяпер тыя лекі? Гэтым часам вясковы знахар на большае здольны тут, чым мы, адукаваныя дактары. Той хоць травы розныя ведае, а нас гэтаму не навучылі ў інстытутах.

— Лекі ў нас таксама знойдуцца, будзе чым лячыць, — наперад паабяцаў Чубар.

Але ваенурач быццам не пачуў гэтага.

— Я разумею, — гаварыў ён далей, — вас павінна бянтэжыць неадпаведнасць паміж тым, як я разважаю, дакладней, лагічная прыстойнасць маіх разважанняў, і тым, што гавару аб сабе. Але можаце паверыць, што адно другое не выключае.

Тады Чубар пажартаваў:

— Аднак жа дасюль было вядома, што... словам, што людзі з хворай свядомасцю звычайна даводзяць, што яны самыя разумныя на свеце!..

Зноў доктарава гаворка пачынала выклікаць у Чубара насцярожлівае адчуванне, нібыта ў даверлівым тоне яе яўна хавалася нейкая знарочыстасць; Чубару рабілася зразумела, што калі гэтая гаворка будзе працягвацца і далей у такім тоне, то вышэйшасць, якую ён меў дагэтуль над сваім субяседнікам, можа быць страчана. Тым часам Чубар чамусьці самым сур’ёзным чынам лічыў, што для справы, якую ён наважыўся распачаць у забяседдзі, гэты чалавек са сваёй прафесіяй патрэбны быў перш за ўсё. Чубару здавалася, што небараку дастаткова будзе адпачыць у ціхім закутку, каб ачомацца ад нервовага ўзрушэння і набыць душэўную раўнавагу, і таму ён гатовы быў настойліва паўтараць тую ісціну, што сур’ёзная справа сапраўды вяртае чалавеку страчаны воблік...