Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 138

Іван Чыгрынаў

Непадалёку ад вёскі Чамуры раптам усчалася беспарадкавая страляніна, яна чулася ва ўсіх баках, і тады ў паветры павісла палохаючае слова — «акружэнне»; паколькі вопыту вядзення баёў у акружэнні не было, то гэтае слова ў атмасферы няўпэўненасці і трывогі гучала пакуль аднолькава, як і «палон». Вядома, ніхто з малодшых палітрукоў у палон да фашыстаў не збіраўся трапляць: акружэнне, палон — ганьба!.. Але неўзабаве зноў пачуліся крыкі — і не менш жахлівыя: танкі!.. Байцы і камандзіры, якія рухаліся па дарозе ў доўгай, ці не на два з паловаю кіламетры калоне, сталі азірацца навокал. Сапраўды, з-за пагорка, што быў ад дарогі метраў за семсот, ужо выпаўзалі нямецкія «панцыры», пакідаючы за сабою шлейфы пылу — акуратна палегшы над зямлёю дым. Артылерыйская батарэя, якая таксама рухалася па дарозе паміж пяхотных падраздзяленняў, тут жа з’ехала на абочыну, і коні, нібыта ўпершыню адчуўшы на сваіх крыжах паспешлівыя ўдары ездавых, памчалі саракапяціміліметровыя гарматы на невысокі ўзлобак, аслонены з тыльнага боку маладым сасняком. Было відаць, як услед за гарматамі беглі на той узлобак ланцужкамі артылерыйскія разлікі. На дарозе спадзяваліся, што зараз паміж нямецкімі танкамі і артылерыстамі, няйначай, пачнецца паядынак. Але выйшла не так. Стралялі са сваіх гармат адны варожыя танкі. Мусіць, фашысты прыкмецілі артылерыйскія запрэжкі яшчэ тады, як тыя збочвалі з дарогі і накіроўваліся на ўзлобак, адкуль можна было страляць прамой наводкай без малое перашкоды, бо адразу некалькі танкаў застылі жоўта-зялёнымі купінамі на схіле пагорка, сталі варушыць гарматамі, пільнуючы «саракапяткі». Іншыя танкі тым часам працягвалі падмінаць цяжкімі гусеніцамі нейкую збажыну ў нізіне, набліжаючыся з правага боку да дарогі, на якой, бы ў чаканні самага сапраўднага дзіва, спыніліся чырвонаармейскія падраздзяленні. Нарэшце пачуўся першы гарматны стрэл: штосьці бліснула, як маланка сярод белага дня, на схіле пагорка, а тады насупраць першай артылерыйскай запрэжкі, якая ўсё яшчэ імкліва рухалася наперад, раптам вырас пясчаны куст. Пасля першага выбуху снарады пачалі рвацца зусім густа, высаджваючы на ўзлобку цэлы пясчаны зараснік, і хутка там не стала відаць ні коней, ні артылерыстаў. Гэта раптам ачомала ўсіх на дарозе — была страчана надзея на тое, што артылерысты паставяць перад танкамі заслон, і чырвонаармейцы, паўзводна, а то і паротна, кінуліся ў поле займаць абарону. Ваенурач з малодшымі палітрукамі знаходзіўся якраз у пачатку калоны, паміж двума невялікімі пяхотнымі падраздзяленнямі, з якімі яны рухаліся з учарашняга дня. Па гэтых падраздзяленнях, як па самых блізкіх, ужо страчылі з кулямётаў варожыя танкі. На дарозе застагналі параненыя. Ваенурач кінуўся дапамагаць ім. Ён ратаваў на абочыне параненага ў жывот незнаёмага лейтэнанта, як адчуў раптам, што танкі перасталі страчыць з кулямётаў і вакол усталявалася незразумелая цішыня, быццам зноў нечага ўсе насцярожыліся і чакалі. Тады ён падняў галаву і глянуў у той бок, адкуль рухаліся танкі. Тыя сапраўды больш не страчылі з кулямётаў. Аднак за час, пакуль ваенурач быў заняты параненым лейтэнантам, некаторыя з іх паспелі апынуцца на дарозе і цяпер рухаліся па ёй. Ды не гэта выклікала нечаканую цішыню. Усе ўбачылі, як раптам насустрач танкам рушылі па дарозе на ўвесь рост тры камандзіры. Ваенурач пазнаў іх адразу. То былі ягоныя малодшыя палітрукі. І вёў іх на танкі доктараў брат!.. Самаахвярнасць і палохаючая недарэчнасць такога гераічнага ўчынку — кідацца на варожыя танкі з аднымі наганамі! — няйначай, і прывялі ва ўтрапенне ўсіх, хто здольны быў назіраць цяпер за імі, нават фашыстаў, якія перасталі страляць з кулямётаў. Паміж пярэднім танкам і доктаравым братам заставалася ўжо некалькі метраў. З кожным імгненнем адлегласць усё скарачалася. Тады ваенурач ад жаху схапіўся за галаву і закрычаў на ўвесь голас... Калі было скончана ўсё, а на дарозе замест малодшых палітрукоў, таксама як і замест іншых байцоў і камандзіраў, якія не паспелі адбегчыся за прыдарожныя канавы, засталіся адны крывавыя плямы, ваенурач, на вачах якога здарылася гэта непапраўная з’ява, сам паваліўся камяком на зямлю і сутаргава пачаў раздзіраць рукамі, быццам грудзі сабе, прыдарожны дзірван. Трагічны ўчынак малодшых палітрукоў падзейнічаў на яго так, што сівець ён пачаў, мусіць, ужо да таго, як зніклі на дарозе варожыя танкі і сціхнула ў наваколлі страляніна...