Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 141

Іван Чыгрынаў

— Дык я кажу, што адно другога не выключае, — працягваў разважаць ваенурач з ранейшай непраніклівасцю на твары. — У чалавека ў галаве заўсёды знойдзецца месца і для разумных думак, і, як вы кажаце, для вар’яцкіх. — Чубар, вядома, гэтага не гаварыў, але не запярэчыў. — Часам нават цяжка правесці мяжу паміж імі. Асабліва калі чалавек трэніруе свой мозг у адным і тым жа напрамку. А ў мяне для гэтага часу хапала. Таму я паспеў багата чаго перадумаць нанава, нават пераасэнсаваць. Таму няхай вас і не здзіўляе, што я хапаюся адразу за тыя недакладнасці, якія да гэтага атрымалі ў маёй галаве пэўнае вытлумачэнне. І наогул, я... Але не, пра гэта лепей не гаварыць, бо вы пагражалі ўжо, здаецца, паставіць мяне да сценкі. Гэта мы навучыліся — хапаць адзін аднаго за рукі ды затыкаць рот. Няхай будзе па-вашаму. Я і праўда не стану гаварыць пра тое, да чаго прыйшоў, разважаючы на адзіноце аб усім нашым папярэднім жыцці і аб гэтых падзеях, якія раптам выбілі з каляіны столькі народу і не толькі выбілі з каляіны, але ў адных ужо забралі жыццё, другіх зрабілі вар’ятамі, а трэціх асудзілі на пакутлівую невядомасць.

— Вы залішне перабольшваеце, да сценкі ставіць вас я не збіраўся, але рашылі правільна, — сказаў Чубар. — Абы-што гаварыць не варта. Раскажыце лепей, што было з вамі потым?

— Калі?

— Ну, пасля таго, як страцілі брата?

— Трапіў у палон.

— Выходзіць, пра акружэнне?..

— Але ж якраз тады ніякага акружэння не было. Проста нехта пусціў правакацыйную чутку. Можа, лазутчыкі. А танкі тыя выскачылі аднекуль знянацку. Нават не затрымаліся на дарозе. Адно патрушчылі, каго паспелі, гусеніцамі. Падбіць іх не было чым. «Саракапяткі» не паспелі нават стрэліць. Так што... — Ваенурач памаўчаў. — А ў палон нас узялі праз дзень, — пачаў ён зноў. — Гэта на другі бок ад Слоніма. Немцы высадзілі за Шчарай дэсант, і нашы часці, якія не мелі суцэльнай лініі абароны, былі заціснуты паміж гэтым дэсантам і галоўнымі наступаючымі сіламі. Нават бою вялікага не адбылося. Сам я зразумеў, што знаходжуся ў палоне толькі тады, як на скрыжаванні шасейных дарог, куды мы нарэшце выйшлі, убачыў нямецкіх матацыклістаў. Адстрэльвацца я, вядома, не мог, бо не меў нават асабістай зброі... Аднак дзеля дакладнасці трэба сказаць, што і ніхто іншы не аказаў тады супраціўлення... — Гаворачы пра гэта, ваенурач паглядзеў на Чубара — ці верыць той. — Гэта пасля ўжо, калі хапілі шылам патакі ў лагеры ваеннапалонных, некаторыя спахапіліся. Але позна было — вакол калючы дрот і вартавыя. І тым не менш сёй-той пачаў строіць планы, як бы ўцячы з лагера. Не ведаю, ці ўдалося каму зрабіць гэта, бо мяне неўзабаве выпусцілі з лагера назусім.

— Чым вы патрапілі гэтак фашыстам?