Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 137

Іван Чыгрынаў

У Баранавічы пасажырскі цягнік прыйшоў па раскладу, але там яго затрымалі. Прычыны ніхто ў цягніку не ведаў, пасажыры — пераважна вайсковыя людзі — казалі, што наперад прапускаюць нейкі другі цягнік. Аднак вагоны на запасныя рэйкі не заганялі, і гэта трохі дзівіла. Тым часам для братоў, якія колькі гадоў не бачыліся, затрымка цягніка была дарэчы. Яны пахаджвалі пад занавешанымі вокнамі вагонаў, паціху гаманілі і нават не заўважалі, што ўжо радчэла цёплая ноч і ўвачавідкі світала. Ніхто не здагадваўся, што заставалася мала часу да таго моманту, калі на савецкую зямлю разам з раніцай упадуць варожыя бомбы і даваеннага жыцця больш не будзе, і наогул — багата для каго яго зусім не стане. Тым не менш нават тады, як на падлёце да горада пачуўся гул фашысцкіх самалётаў, ваенурач, а разам з ім і іншыя людзі, якім здарылася не спаць, не падумалі, што гэта вайна — урэшце, маглі ляцець таксама савецкія самалёты, да таго ж немцы ў канцы мая ўжо рабілі такі масавы налёт, дасяглі Баранавіч, але павярнулі назад: і дасведчаныя, і недасведчаныя людзі, якім давялося бачыць майскі палёт, палічылі яго за звычайную правакацыю, хоць то была ўжо генеральная рэпетыцыя... У тую ноч, дакладней — раніцой 22 чэрвеня, у Баранавічах рабілася аднолькава, як і ва ўсіх больш-менш буйных гарадах, што знаходзіліся не вельмі далёка ад дзяржаўнай граніцы. Пакуль суд ды справа, цягнікоў на захад не пускалі. Вайсковыя людзі рушылі натоўпамі да каменданта горада. Ваенурач і ягоны брат разам са сваімі таварышамі таксама падаліся туды. Каля гарадской камендатуры неўзабаве сабралася багата камандзіраў у розных званнях — і тыя, што вярталіся з чарговага адпачынку, і тыя, што ехалі яшчэ толькі па накіраванню. Але камендант нікога не мог задаволіць, адно казаў, каб усе як найхутчэй дабіраліся ў свае часці. На каманду малодшых палітрукоў — іх з чамаданчыкамі зайшло ў кабінет да яго дванаццаць чалавек — глядзеў не столькі з заклапочанасцю, колькі з неўразуменнем і разгубленасцю, быццам сапраўды не ведаў, што з імі рабіць: усё круціў у руках іхнія прадпісанні ды моршчыў, як ад вялікай пакуты, лоб. Хоць камендант і разумеў, што буйныя штабы ўжо, няйначай, занялі падрыхтаваныя ў іншых месцах камандныя пункты, але і малодшым палітрукам параіў тое, што раіў другім камандзірам — хутчэй дабірацца да месцаў прызначэння. Разам з тым ён паклікаў па тэлефоне нейкага капітана і загадаў выдаць кожнаму па рэвальверы сістэмы «наган». Малодшым палітрукам давялося вяртацца зноў на чыгуначную станцыю. Але дарэмна: цягнікі па-ранейшаму стаялі на рэйках. Нават ваенурач не мог даць сабе рады, хоць яму, здавалася, было прасцей: артылерыйская брыгада, дзе той меў сабе медыцынскую службу, стаяла на паўдарозе ад Гродні сюды, і туды па чыгунцы было зусім не багата ехаць. Але чыгунка пакуль не дзейнічала, спадарожных машын таксама дарэмна было шукаць; апрача таго, ваенурач ведаў, што брыгада па камандзе ўжо рушыла з вайсковага гарадка. Адным словам, становішча складвалася такое, калі выйсце з яго цалкам залежала ад самаініцыятывы і кемнасці, і ваенурач, адчуўшы раптам адказнасць за малодшых палітрукоў, павёў так званых «беластоцкіх» і «брэсцкіх» за горад, на скрыжаванне дарог, бо ў яго была надзея, што там натрапіцца нешта спадарожнае. Аднак за ўвесь першы дзень «беластоцкім» палітрукам ледзь пашанцавала апынуцца ў Альберціне: дзіва, але да самага паўдня на шашы, акрамя як на Брэст, не было ніякага руху; уздоўж граніцы ўжо на ўсю моц грукатала вайна, а тут, непадалёк ад Баранавіч, нібыта сцішылася ўсё ў задуманай нерашучасці, нібыта шукала сабе яшчэ нейкае пэўнасці. З Альберціна — гэта на другую раніцу — тры малодшыя палітрукі на чале з ваенурачом другога рангу рушылі далей, трымаючыся дарогі на Ваўкавыск, але за Слонімам пачаліся бамбёжкі, і неўзабаве ўжо амаль нельга было рухацца наперад, бо ад граніцы, як выйшаўшая з берагоў вада, хлынулі на дарогі адыходзячыя чырвонаармейскія часці. Давялося паварочваць на прасёлкі, але і там рабілася немаведама што — чамусьці ва ўсіх напрамках рухаліся цэлыя вайсковыя падраздзяленні, а таксама асобныя групы байцоў і камандзіраў. Нарэшце пайшла паміж чырвонаармейцамі чутка, што неўзабаве ўсе войскі, якія запоўнілі лясныя і палявыя дарогі ў чатырохкутніку Слонім — Ваўкавыск — Поразава — Ружаны, увойдуць у непасрэднае сутыкненне з праціўнікам. І тады ваенурач убачыў, як ажылі духам ягоныя малодшыя палітрукі: маючы ў наганах па адным барабанчыку патронаў, яны з усёй ахвотаю прагнулі бою з ворагам, пра якога за гэтыя дні ці мала чаго наслухаліся. Тым часам каторы дзень ужо далятала з захаду кананада, а ўначы стала чуваць, як страчылі за Зяльвянкай кулямёты. Аднак доўга паваяваць з фашыстамі малодшым палітрукам не давялося.