Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 134

Іван Чыгрынаў

У Чубара ён выклікаў дзіўнае пачуццё — было такое ўражанне, нібыта вочы ў чалавека не свае, прынамсі, здавалася, што яны не прымалі ніякага ўдзелу ў тым, што рабіў ён сам, гэта значыць, не падзялялі паводзін не толькі тулава, але і галавы.

Чубар, вядома, не сумняваўся, што чалавек бачыў яго, але глядзеў той нешта на ўсё — і на Чубара, і ў прастору перад сабой — як невідушчым зрокам: вінтоўка, якую трымаў на ўлонні Чубар, напрыклад, нават не выклікала ў ім увагі.

— Вы камандзір?

— Не. Я — ваенурач. Гінеколаг.

Пачуўшы гэта, Чубар стрымаў у сабе няпрошаную ўсмешку, але не мінуў пажартаваць:

— А што рабіць у арміі гінеколагу? На службу ж пакуль бралі мужчын?

— Гэта я па колішняй спецыяльнасці гінеколаг, а так — ваенурач другога рангу.

— Адным словам, доктар?

— Так.

Мусіць, чалавеку не першы раз даводзілася мець размовы накшталт гэтай, таму адказваў ён Чубару як не з завучанай лёгкасцю.

— А цяпер што, з акружэння выходзіце?

Ваенурач не адказаў.

— Тады чаму вось так, — дапытваўся Чубар, — на віду? Можна ж да немцаў у рукі трапіць?

— Я з палону іду.

— Ці не рана гэта? Звычайна ж з палону вяртаюцца пасля вайны?

— Мяне адпусцілі цяпер.

Чубар паціснуў плячамі:

— Хто?

— Немцы.

— І куды вы цяпер?

— У Свярдлоўск.

Тады Чубар плюснуў у здзіўленні вачамі:

— У Свярдлоўск?

— Так.

— А як вы туды дойдзеце?

Але чалавек, здавалася, нават не адчуў Чубаравай унутранай збянтэжанасці — вочы яго былі напоўнены тым жа стомленым страхам, ад якога Чубару ўсё больш рабілася не па сабе.

— Я іду з нямецкага палону, — нібыта пераконваючы Чубара, удакладніў праз нейкі момант ваенурач: ён паводзіў ужо сябе, як на допыце, які безнадзейна зацягнуўся і які, нарэшце, стаў абыякавым для яго.

І Чубару нічога не заставалася, як чыніць гэты несвядомы допыт:

— Дзе вас узялі ў палон?

— Каля Слоніма...

— Параненага?

— Не.

Гаворка паміж Чубарам і ваенурачом увесь час ішла быццам па кругах, але якія, у адрозненне ад тых, што на патэфоннай пласцінцы, не маюць пераходу адзін ад аднаго. Таму кожны раз Чубару даводзілася пачынаць яе амаль спачатку.

Тым часам Чубар ужо глядзеў на доктара, як кажуць, на ўсе вочы, аднак не з тае прычыны, што адчуваў сваю найвышэйшасць над ім, хутчэй, наадварот: знешняя адчужанасць, якую доктар прынёс аднекуль, з кожнай хвілінай усё больш выклікала ўтрапёную незразумеласць.

— І вы праўда — доктар? — пытаўся далей Чубар, нібыта яшчэ цалкам не верыў.

— Ваенурач другога рангу. — Дзеля большай пераканаўчасці чалавек падняў угору рукі, выставіўшы іх растапыранымі далонямі — яны былі ў яго сапраўды доктарскія, як кажуць, выпешчаныя да самых пазногцяў, быццам ён толькі што выйшаў з аперацыйнага пакоя.