Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 132

Іван Чыгрынаў

Між тым асноўная маса мурашак ужо абмінула Чубараў палец вакол пазногця, і жывая дарога зноў пачала дзейнічаць.

«Чым бы дзіця не цешылася, абы не плакала», — успомніў Чубар выслоўе ў сувязі са сваімі доследамі над мурашкамі і ўсміхнуўся, як чалавек, які даўно быў адзін: ён далёкі быў ад таго, каб рабіць, як здараецца, нейкія аналогіі паміж мурашкамі і людзьмі, для гэтага нават у такі час патрэбна быць сама меней філосафам...

Чубар павёў вачамі па лузе, зачапіўшы позіркам прасцяг ад вёскі, што была злева, і да той не выразнай палоскі на небасхіле, якая нерухома стаяла ўжо столькі часу, колькі Чубар ляжаў на схоне. З вёскі, што насупраць, ішоў да ракі чалавек. Але быў ён яшчэ далёка ад яе. Чубар не здзівіўся, што ўбачыў раптам чалавека — урэшце, быў звычайны дзень, але колькі хвілін усё ж не зводзіў з яго вачэй, нібы зайздросцячы, што той ідзе вось праз луг, як кажуць, на ўвесь рост і, мусіць, без усялякае перасцярогі, а ён вымушаны туляцца, чакаць цемнаты. Чалавек адсюль здаваўся пакуль рухомай кропкай, якая патрохі набліжалася да ракі, і разгледзець яго немагчыма было, хоць паветра над лугам стаяла празрыстае, а прадметы ў ім бачыліся, быццам аточаныя з усіх бакоў. Гэтак бывае таксама і з рачной вадой, але ўжо ў самую восень — некуды сплывуць летняя цвіль і шумавінне, і пад тоўшчай вады выразна прагляне тады ўсыпанае каляроваю галькаю дно. Чубару было цікава адгадаць наперад, каго раптам вывеў клопат за вёску, аднак дарэмна: цяпер, калі ўсё перайначылася пад богавай страхой і не паддавалася вызначэнню, можна было меркаваць і так, і гэтак. Разам з тым Чубар разумеў, што кожная сустрэча дадавала яму нешта да таго, што ён ужо ведаў. Уласна, толькі сустрэчамі гэтым часам і даводзілася жыць, бо пасля гаворкі нават з самым няшуплівым чалавекам прыходзіла ў галаву новая яснасць. Праўда, на кожную сустрэчу ішло багата маральных і фізічных сіл — заўсёды неабходна было трымаць сябе як напагатове. Але то былі ўжо, бадай, накладныя выдаткі.

Нарэшце чалавек перайшоў раку і апынуўся на другім беразе. У хадзе яго не адчувалася імкнёнасці, якая бывае ў людзей, што спяшаюцца з прычыны пільнай патрэбы. Проста ён ішоў з той зададзенай размеранасцю, якой павінна было хапіць яму калі не да скону дня, то хоць да наступнай вёскі. Нават здалёку кідалася ў вочы, што ён асцерагаўся ступаць усёй падэшвай правай нагі.

Але вось чалавек мінуў па хмызе апошнюю ручаіну на лузе, тады падышоў да схона, пад самы абрыў і колькі часу тупаў унізе, хаваючыся ад Чубаравага зроку. Нарэшце галава яго вынырнула паміж сосен, што на краі схона, і з гэтага часу чалавека зноў стала відаць усяго. Па баках ён не азіраўся, а глядзеў на дарогу, пад ногі, нібыта падлічваў крокі, якія рабіў з наўмыснай стараннасцю, таму Чубару варта было падумаць, каб не даць прайсці міма. Але Чубар адразу не стаў гукаць — проста спачатку сеў, паклаўшы на ўлонне вінтоўку, а тады пачаў гучна «кахыкаць», не зводзячы пры гэтым прыжмураных вачэй з незнаёмага чалавека. Той павярнуў галаву на прытворны кашаль і запаволіў хаду, быццам затупаў на адным месцы, аднак пакуль нельга было адгадаць, ці ён пойдзе далей, ці збочыць сюды.