Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 133

Іван Чыгрынаў

— Што гэта за рака там? — спытаў тады Чубар, але такім невыразным голасам, быццам гаварыў у пустату і не хацеў, каб чалавек пачуў яго.

Ажно не — той разабраў Чубаравы словы і таксама не на ўвесь размоўны голас сказаў:

— Дасюль, здаецца, помніў, а цяпер, як на тое, забыў. Але пачакайце, нешта падобнае на Лесядзь...

— Бесядзь?

— Здаецца, так.

— Няўжо Бесядзь? — выцягнуў шыю Чубар.

А чалавек сышоў з дарогі і, непрыступна тупаючы да Чубара, дадаў:

— Здаецца, у вёсцы так гаварылі.

Чубар сядзеў як апантаны — ён уражаны быў, што раптам наперадзе апынулася Бесядзь. Ажно не хацелася верыць, бо па ягоным меркаванні тая мусіла быць недзе далей.

— А вёска? Як вёска завецца, адкуль вы ідзяце?

— Антонаўка.

— Антонаўка?

— Так, гэта я ўжо дакладна ведаю.

— Антонаўка, — вымавіў сабе Чубар, але дарэмна намагаўся ўспомніць, ці даводзілася чуць пра яе раней. — А тая? — паказаў ён на стрэхі другой вёскі, якая таксама стаяла за ракой і якую добра відаць было адсюль.

Чалавек запыніўся, доўгім позіркам паглядзеў на вёску, але адказаць быццам забыўся. Тады Чубар зноў запытаў:

— А не ведаеце — гэта ўжо Беларусь?

— Здаецца, ужо не Беларусь.

— Значыць, яшчэ не Беларусь? — Чубара гэта здзівіла — тады ж, у лесе за Шыраеўкай, ён старанна вывучыў па карце маршрут у забяседдзе, і па ягоных разліках той павінен быў вывесці калі не проста да самых Верамеек, то ўжо не з вялікім адхіленнем ад іх.

Чалавек між тым падышоў да Чубара і сеў, не пытаючыся, насупраць, абхапіўшы дзеля раўнавагі рукамі калені. Яго постаць пры гэтым стала зусім сутулая, а плечы нібыта яшчэ больш павузелі. Быў ён увесь у вайсковым — як ужо ўгледзеў Чубар раней, у камандзірскай фуражцы з цёмна-зялёным аколышкам, пачарнелай дыяганалевай гімнасцёрцы і галіфэ, а на нагах былі рудыя боты з мяккімі парусінавымі халявамі, якія на самых згібах пусцілі на волю пабялелыя ніткі. Спярша Чубар падумаў, што на чалавеку пагранічная форма, але дарэмна: пагранічнікі насілі святлейшы колер на фуражках, да таго ж — не на аколышках. Значыць, чалавек належаў да нейкага другога роду войск. Знакі адрознення на пятліцах адсутнічалі. Нават непрыкметна было цёмных лапікаў, што пакідаюць звычайна камандзірскія трохкутнікі, кубікі, шпалы і г. д. — можа, таму, што даўно паздыманы былі. Чалавек пасядзеў колькі часу, быццам дзеля прыліку ці ўспамінаючы што, тады зняў фуражку, і Чубар убачыў, што галава ў таго была сівая, але не спрэс, а пасмамі — здавалася, па чорных валасах блукалі сярэбраныя ясвы. Сівізна хоць і рабіла яго старэйшым за свой узрост (без яе можна было налічыць гадоў дваццаць восем), аднак разам з тым надавала ўсяму вобліку амаль ненатуральную прыгажосць, якая ажно выклікала недавер да сябе. І тым не менш у яго ўсё было самае сапраўднае — і пасівеласць, дакладней, ужо, бадай, цалкам сівізна, і непадробная прыгажосць. Тым часам у вачах, колер якіх не паддаваўся вызначэнню, стаяў стомлены страх, які ўзнік, можа, даўно, але які і да гэтага моманту чамусьці не пакінуў глыбокага прадоння.